Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/22/993934_589647/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:27
22.02.2019 14:14 Палітыка

Лукашэнка лічыць катастрофай выхад ЗША з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці

Мінск, 22 лютага. Аляксандр Лукашэнка лічыць катастрофай выхад ЗША з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД). Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з курсантамі, са слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Ваеннай акадэміі 22 лютага ў Мінску.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка выказаў асцярогі наконт магчымага размяшчэння ў Еўропе ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў сувязі з сітуацыяй вакол ДРСМД. Ён адзначыў, што гэтая тэма абмяркоўвалася падчас яго сустрэч з Уладзімірам Пуціным 13—15 лютага ў Сочы. "Яго пазіцыя практычна нічым не адрозніваецца ад той пазіцыі, якую выкладаюць у СМІ", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка падкрэсліў, што "верыць расійскаму боку ў тым, што ён не парушаў адпаведны дагавор, а калі на Захадзе заяўляюць пра гэта, спрабуе знайсці адказ на абвінавачанні ў бок Расіі". "Але інфармацыі ў гэтым плане ў мяне няма. Яна схаваная. Яе ведае абмежаванае кола людзей", — падкрэсліў афіцыйны лідар.

Што да патэнцыйнай пагрозы для бяспекі Беларусі ў сувязі з выхадам ЗША з дагавора, то Лукашэнка падкрэсліў: "гэта катастрофа, асабліва для нас". Паводле яго слоў, існуе меркаванне, што выхад Злучаных Штатаў з ДРСМД у тым ліку скіраваны супраць Кітая, які валодае такой зброяй, аднак не ўдзельнічаў у дагаворы. "Вядома, гэтымі ракетамі праз Ціхі акіян не запусціш і ўдар па Амерыцы не нанясеш. Амерыканцы перажываюць перш за ўсё за сваіх саюзнікаў у раёне Ціхага акіяна — Карэя, Японія, свае амерыканскія базы, якія там створаныя", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

"Але я баюся таго, што амерыканцы скарыстаюцца момантам — сарвалі гэты дагавор — і размесцяць ракеты ў Еўропе. Вось тут ужо мала не падасца і нам. Таму нам трэба будзе разам з Расіяй думаць аб мерах у адказ. Ад гэтага нікуды не дзенешся, калі гэта адбудзецца. А горш будзе, калі гэтыя ракеты будуць размешчаныя (не дай бог, гіпатэтычна) на тэрыторыі Украіны. Таму мой адказ адназначны: я катэгарычна супраць (разрыву ДРСМД. — БелаПАН.). Мы прыхільнікі міралюбнай палітыкі. Нам не патрэбныя гэтыя разборкі буйных дзяржаў, ад якіх, зыходзячы з гісторыі, мы заўсёды пакутавалі. Таму нам не патрэбная гэтая бойня, бойка, асабліва цяпер, вакол Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці", — заявіў Лукашэнка.

Ён выказаў меркаванне, што "НАТА ўсё-такі можа пайсці на размяшчэнне такіх ракет у Еўропе": "Мне здаецца, хоць Паўночнаатлантычны альянс заяўляе аб тым, што яны не збіраюцца размяшчаць у Еўропе гэтыя ракеты, гэта проста блеф. У іншым выпадку, навошта выходзіць. Навошта было разбураць гэты дагавор? Трэба было дамаўляцца з Кітаем і падключаць яго [да дагавора], калі гаворка пра Кітай".

Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці быў падпісаны ў 1987 годзе ў Вашынгтоне лідарамі ЗША Рональдам Рэйганам і СССР Міхаілам Гарбачовым.

20 кастрычніка 2018 года амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра намер выйсці з дагавора з-за яго невыканання Масквой. На думку Вашынгтона, расійскі бок парушыў дагавор, стварыўшы ракету 9М729. У Расіі гэтыя абвінавачанні абверглі і выставілі сустрэчныя прэтэнзіі. На думку Масквы, дагавор парушаюць ЗША, размяшчаючы на аб`ектах ПРА ў Еўропе пускавыя ўстаноўкі МК-41, распрацаваныя для запуску крылатых ракет далёкасцю 2,4 тыс. км.

У снежні 2018 года ЗША аб`явілі, што выйдуць з дагавора, калі Расія на працягу 60 дзён не вернецца да яго выканання. Дзеянне ўльтыматуму ЗША скончылася 2 лютага. У той жа дзень дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа заявіў аб прыпыненні ўдзелу Злучаных Штатаў у ДРСМД. Адначасова з гэтым быў пачаты працэс па канчатковым выхадзе краіны з дагавора, які зойме паўгода. ЗША разлічваюць, што на працягу шасці месяцаў Расія прадэманструе прыхільнасць дагавору. Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін у сваю чаргу заявіў аб прыпыненні ўдзелу Расіі ў ДРСМД, назваўшы гэты крок "люстраным адказам".

МЗС Беларусі заклікала бакі "выказаць адказнасць" і прыняць меры па захаванні ДРСМД. У знешнепалітычным ведамстве лічаць, што сітуацыя вакол ДРСМД цягне "эскалацыю канфліктнага патэнцыялу і новы віток гонкі ўзбраенняў, што будзе мець сур`ёзныя доўгатэрміновыя наступствы для Еўрапейскага кантынента".

Пасол РФ у Беларусі Міхаіл Бабіч 6 лютага заявіў журналістам, што ў сувязі з выхадам ЗША з дагавора Расія не будзе размяшчаць ракеты на беларускай тэрыторыі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239