Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/22/eu_993911_114477/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 23:06
22.02.2019 13:20 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

МЗС Беларусі шкадуе аб намеры польскіх актывістаў правесці чарговы марш памяці "праклятых салдат"

Мінск, 22 лютага. Міністэрства замежных спраў Беларусі шкадуе аб намеры польскіх актывістаў правесці 23 лютага чарговы марш памяці "праклятых салдат", гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, размешчаным на сайце міністэрства.

"Мы ўспрымаем гэтую інфармацыю, мякка кажучы, з вялікім шкадаваннем. Асабліва на фоне нядаўняга аб'ектыўна значнага візіту ў Польшчу нашай дэлегацыі пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіла Мясніковіча", — адзначыў Глаз.

Ён падкрэсліў, што "бандфармаванне пад кіраўніцтвам ваеннага злачынца Рамуальда Райса, вядомага пад псеўданімам Буры, якога плануюць праслаўляць нацыяналісты падчас так званага маршу "праклятых салдат", у 1946 годзе зрабіла крывавы рэйд па Падляшшы, у выніку якога былі спаленыя пяць вёсак і забітыя 79 мірных жыхароў краю".

"Такіх злачынцаў нельга атаясамліваць з барацьбой за незалежнасць Польшчы, іх дзейнасць мае рысы генацыду. З-за гэтай прычына мы выступалі і выступаем супраць гларыфікацыі і дзеля ўшанавання памяці Рамуальда Райса і яго салдат, — адзначыў прэс-сакратар. — Марш 23 лютага ў горадзе, дзе кампактна пражываюць этнічныя беларусы (Гайнаўка. — БелаПАН.), у тым ліку нашчадкі тых, хто загінуў з-за Бурага, — гэта правакацыя, скіраваная на стварэнне напружанасці, канфліктаў на нацыянальнай, рэлігійнай і гістарычнай глебе паміж беларусамі і палякамі".

"Выказваем надзею, што прадстаўнікі ўладаў і грамадзяне Польшчы змогуць даць падобным акцыям належную ацэнку, выступіць супраць іх правядзення і не дапусціць арганізацыі такіх мерапрыемстваў у далейшым, забараніўшы іх на заканадаўчым узроўні", — дадаў Глаз.

Марш у Гайнаўцы, які праводзіцца штогод, выклікае як сімпатыі, так і пратэсты мясцовых жыхароў. Сёлета шэсце было забароненае мясцовымі ўладамі, аднак пасля дазволенае судом.

Міхаіл Мясніковіч падчас візіту ў Польшчу наведаў 14 лютага вёску Заляшаны, дзе пахаваныя беларусы, загінулыя ў 1946 годзе ад рук польскіх ваенных злачынцаў. "Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што разбуральныя войны і канфлікты мінулага стагоддзя навучылі беларусаў рабіць усё магчымае, каб захаваць мір і спакой, развіваць дыялог і ўзаемадзеянне, не дапускаць канфрантацыі", — паведаміла прэс-служба верхняй палаты беларускага парламента.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239