Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/24/994117/
Дата раздрукоўкі: 12.11.2019 09:40
24.02.2019 13:31 Грамадства, Эканоміка

Паліцыя Мікалаеўскай вобласці: Крымінальную справу аб падпале беларускага асфальтабетоннага завода вядуць лепшыя спецыялісты

Мінск, 24 лютага. У сувязі з нотай беларускага пасольства ў Кіеве, накіраванай у МЗС Украіны, крымінальная справа аб падпале і знішчэнні маёмасці асфальтабетоннага завода будаўніча-мантажнага трэста № 8 (уваходзіць у холдынг "Белаўтадар") у Мікалаеўскай вобласці знаходзіцца на асаблівым кантролі кіраўніцтва паліцыі рэгіёна.

"Разумеючы важнасць ролі праваахоўных органаў у абароне рэпутацыі нашай дзяржавы перад гандлёва-эканамічнымі партнёрамі і падтрымцы надзейнага інвестыцыйнага клімату ва Украіне і непасрэдна ў Мікалаеўскім рэгіёне, галоўнае ўпраўленне Нацыянальнай паліцыі ў вобласці робіць усе вычарпальныя захады для раскрыцця гэтага злачынства", — заявіў намеснік начальніка ГУНП, начальнік следчага ўпраўлення Іван Выгоўскі.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць аддзел камунікацыі паліцыі Мікалаеўскай вобласці, праводзіцца поўны комплекс следчых і вышуковых мерапрыемстваў, задзейнічаныя лепшыя спецыялісты. "Мы зробім усё магчымае, каб у самы кароткі тэрмін раскрыць злачынства і прыцягнуць вінаватых да адказнасці", — падкрэсліў Выгоўскі.

Завод, збудаваны ў райцэнтры Новы Буг, быў падпалены ў ноч на 22 лютага. "Пакуль што не ўстаноўленыя асобы а трэцяй гадзіне ночы спачатку атруцілі на тэрыторыі завода сабак, затым збілі і звязалі ахову і падпалілі асноўныя кампаненты вытворчасці — пульт кіравання, шчытавую і генератар", — напісаў кіраўнік абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксей Саўчанка ў "Фэйсбуку".

Паводле яго слоў, асноўнай мэтай зламыснікаў было знішчэнне завода, каб ён не змог запусціцца з пачаткам будаўнічага сезону. "Яны дакладна ведалі, што трэба было пашкодзіць, каб спынілася вытворчасць асфальтабетону", — адзначыў Саўчанка.

Чыноўнік паведаміў, што будтрэст, які выйграў у 2018 годзе тэндар на рамонт аўтадарог, выконваў працы на ўчастку дарогі Н11 у раёне Новага Буга. "Усе, хто сачыў за тым, як менавіта выконваліся работы, неаднаразова акцэнтавалі ўвагу на тым, што якасць дарожных работ у беларусаў у разы лепшая, чым у тых падрадчыкаў, што працавалі на Мікалаеўшчыне на працягу апошніх гадоў", — напісаў Саўчанка.

"Падобна на тое, што падрадчыкі, якія гадамі прывыклі нажывацца на рамонце дарог, адчулі рэальную канкурэнцыю і ўсвядомілі, што недацягваюць да паказчыкаў якасці і коштаў, прапанаваных беларусамі, звярнуліся да такіх ганебных дзеянняў", — робіць выснову кіраўнік абласной адміністрацыі.

Беларускае пасольства ў Кіеве ў рэлізе пад загалоўкам "Пра негатыўныя моманты ў беларуска-ўкраінскім супрацоўніцтве ў дарожна-будаўнічай сферы" паведаміла пра здарэнне. "Па гэтым факце пасольствам у МЗС Украіны накіраваная нота, у якой увага ўкраінскага боку звяртаецца на тое, што такія супрацьпраўныя акцыі не адпавядаюць дамоўленасцям на вышэйшым узроўні па супрацоўніцтве ў сферы дарожнага будаўніцтва, наносяць прамую шкоду канструктыўнаму развіццю гандлёва-эканамічных адносінаў нашых краін, негатыўна ўплываюць на інвестыцыйны імідж Украіны", — гаворыцца ў паведамленні.

Дыпмісія спадзяецца, што "ўкраінскім бокам будуць прынятыя вычарпальныя меры па старанным расследаванні нападу, усталяванні вінаватых і прыцягненні іх да адказнасці".

Раней больш за 20 дэпутатаў Вярхоўнай рады звярнуліся да прэм`ер-міністра краіны Уладзіміра Гройсмана з просьбай спыніць выдзяленне бюджэтных сродкаў структурам холдынга "Белаўтадар" на рамонт дарог. "Афіцыйны Мінск неаднаразова фактычна выказваў падтрымку расійскай агрэсіі і анэксіі тэрыторыі Украіны, а на міжнародным узроўні ў пытаннях тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, мілітарызацыі Крыму, вызвалення палітычных палонных Крамля займаў выразную пракрамлёўскую пазіцыю", — пішуць аўтары звароту.

Са спасылкай на СМІ яны адзначаюць, што ў хуткім часе Кабінет міністраў Украіны мае намер вылучыць на рамонт трасы Кіеў — Адэса больш за 600 млн грыўнаў (больш за 22 млн долараў ЗША) будаўніча-мантажнаму трэсту № 8. "За апошнія гады гэтая кампанія перамагла ў 14 тэндарах на будаўніцтва і рамонт дарог ва Украіне на агульную суму звыш 1,5 млрд грыўнаў. Відавочна, што гэтыя сродкі фактычна выводзяцца з Украіны", — сцвярджаюць дэпутаты.

На іх думку, украінская дзяржава можа панесці ўрон ад прыцягнення да выканання важных работ на стратэгічных аб`ектах інфраструктуры замежных кампаній, кіраванне якімі могуць ажыццяўляць асобы, афіляваныя з уладай краіны-агрэсара".

Аўтары запыту просяць прэм`ер-міністра "адмяніць усе рашэнні аб выкарыстанні бюджэтных сродкаў для фінансавання адпаведнай дзейнасці кампаній з Рэспублікі Беларусь", а таксама "правесці ўсебаковую аб`ектыўную праверку магчымай датычнасці дзяржаўных службоўцаў і службовых асобаў Дзяржаўнага агенцтва аўтамабільных дарог Украіны да лабіравання інтарэсаў замежных кампаній у асваенні значных дзяржаўных заказаў на выкананне рамонтна-будаўнічых работ ва Украіне".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН