Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/25/994164_994165/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:05
25.02.2019 10:07 Грамадства

У Мінску аднавіўся судовы працэс па справе галоўнага рэдактара tut.by Марыны Золатавай

Мінск, 25 лютага. Суд Заводскага раёна Мінска пасля пяцідзённага перапынку раніцай 25 лютага аднавіў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнага рэдактара сеткавага выдання tut.by Марыны Золатавай, якая абвінавачваецца ў бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК).

Чакаецца, што сёння ў судзе пачнуцца спрэчкі бакоў. Справу разглядае суддзя Аляксандр Петраш.

Працэс пачаўся 12 лютага ў будынку суда Маскоўскага раёна сталіцы з больш прасторнымі памяшканнямі. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы пракурор аддзела Генпракуратуры Юлія Харчэйкіна. Золатаву абараняе адвакат Марына Вараб'ёва.

Як сцвярджае абвінавачанне, з пачатку 2017 да сярэдзіны 2018 года Золатава, з'яўляючыся службовай асобай, не прыняла мераў рэагавання, ведаючы пра тое, што яе падначаленыя па чужых лагінах і паролях неправамерна заходзяць у сістэму з платным кантэнтам дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Тым самым яна "патурала злачынству" згодна з ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі).

Золатава віны не прызнала.

Папярэдняе пасяджэнне, якое адбылося 19 лютага, суд цалкам прысвяціў допыту абвінавачванай. Паводле слоў Золатавай, яна раскайваецца ў тым, што не прыняла больш рашучых мер, каб прадухіліць заходы супрацоўнікаў tut.by па чужых паролях на сэрвіс платных матэрыялаў падпіскі БелТА, але не лічыць, што здзейсніла злачынства.

"Я не прызнаю, што ў маіх дзеяннях ёсць склад злачынства, — падкрэсліла яна. — Я прызнаю, што не прыняла больш рашучых мер, але я лічу, што гэта не склад злачынства. Мне было дакладна вядома, што доступ ёсць толькі ў [рэдактара tut.by Ганны] Калтыгінай. Пасля 19 сакавіка 2018 года я магла сабраць людзей і сказаць, маўляў, больш ніколі не карыстайцеся [чужым паролем ад матэрыялаў БелТА]. Але няма гарантыі, што яны б не карысталіся".

"Калі апераваць паняццямі службовай інструкцыі, то абавязак забараняць выкарыстанне чужых пароляў у мяне не ўказаны. Кантраляваць, куды ходзяць супрацоўнікі, ці карыстаюцца яны несанкцыянаваным доступам, заходзяць на анлайн-казіно або парнасайты, — усё гэта не ўваходзіць у мае абавязкі. Магчыма, як чалавек я павінна была сказаць, маўляў, так нельга, але як службовая асоба — не ведаю. Згодна са службовай інструкцыяй — не павінна была", — заявіла абвінавачваная.

На думку Золатавай, большую шкоду рэпутацыі БелТА нанёс не несанкцыянаваны доступ трэціх асоб, а цяперашні судовы працэс. "Тут закраналася пытанне інфармацыйнай бяспекі, пра яго казала у тым ліку кіраўніцтва БелТА. Складваецца сітуацыя, што пра паролі да БелТА гаварылі ў журналісцкім асяродку, пра гэты доступ ведала кіраўніцтва БелТА, але адказваць за гэта павінна Золатава. Гэта дзіўная сітуацыя", — падкрэсліла падсудная.

Марына Золатава засталася адзінай з 15 фігурантаў "справы БелТА", каго давялі да суда. Усе астатнія фігуранты, якія абвінавачваліся ў несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі, былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай згодна з арт. 86 КК. Акрамя штрафаў у 30 базавых велічынь (735 рублёў, базавая велічыня на той момант складала 24,5 рубля) яны кампенсавалі выстаўленую шкоду, сумы якой вар'іраваліся ад 3 тыс. да 17 тыс. рублёў.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239