Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/25/994185_994186/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:26
25.02.2019 12:06 Грамадства

Дзяржабвінаваўца запрасіла для Марыны Золатавай штраф у памеры 1 тыс. базавых велічынь (дапоўнена)

Мінск, 25 лютага. Дзяржаўны абвінаваўца Юлія Харчэйкіна падчас судовых спрэчак 25 лютага папрасіла суд прызнаць галоўнага рэдактара tut.by Марыну Золатаву вінаватай паводле арт. 425 ч. 2 КК (бяздзейнасць службовай асобы) і прызначыць ёй штраф у памеры 1 тыс. базавых велічынь (25 тыс. 500 рублёў).

Пры прызначэнні пакарання Харчэйкіна папрасіла суд "улічыць ступень грамадскай небяспекі і сямейныя акалічнасці" абвінавачванай. Абцяжарваючых віну акалічнасцяў у Золатавай не выяўлена, а аблягчаючае — наяўнасць малалетняга дзіцяці.

Меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе яна папрасіла пакінуць да ўваходжання прысуду ў законную сілу.

Дзяржабвінаваўца адзначыла, што ў сённяшніх рэаліях "інфармацыя з'яўляецца адным з найважнейшых рэсурсаў", які нярэдка становіцца аб'ектам куплі і продажу. Такія акалічнасці спараджаюць "новыя сацыяльныя праблемы, у тым ліку неправамернае завалоданне інфармацыяй".

Пры гэтым, паводле яе слоў, самымі небяспечнымі для прадпрыемства становяцца не знешнія пагрозы, а ўласныя супрацоўнікі, якія "прысвойваюць інфармацыю прадпрыемства, не лічачы гэта чымсьці дрэнным", працягваюць захоўваць інфармацыю з мінулай працы і карыстацца ёй, бо "не бачаць у гэтым ніякай небяспекі".

Паводле слоў Харчэйкінай, людзі не заўсёды лічаць злачынства, звязанае з неправамерным выкарыстаннем інфармацыі, чымсьці сур'ёзным, таму ў выпадку абвінавачання ім уласціва "не верыць або адмаўляць тое, што адбываецца". "Такая рэакцыя, верагодна, і прымушае гэтых асоб шукаць іншыя, больш рэальныя версіі таго, што адбываецца, — выказваць меркаванне пра змову, увязваць палітыку. Але, на жаль, гэта злачынства не з'яўляецца чымсьці ўнікальным", — сказала яна.

Дзяржабвінаваўца нагадала, што Золатавай выстаўленае абвінавачанне ў тым, што яна, будучы службовай асобай, з'яўляючыся фактычным кіраўніком структурнага падраздзялення ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫА", з пачатку 2017 па сярэдзіну 2018 года не прыняла належных мер, каб перашкодзіць сваім падначаленым і іншым супрацоўнікам tut.by здзяйсняць несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі ў платным раздзеле дзяржаўнага агенцтва БелТА.

Яе бяздзейнасць, сказала Харчэйкіна, спалучана з патураннем злачынству. Золатава, паводле сцвярджэння абвінавачання, павінна была прыняць меры па заключэнні дагавора на аказанне інфармацыйных паслуг з БелТА, але не зрабіла гэтага.

Паводле слоў Харчэйкінай, падначаленыя Золатавай работнікі ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫА" ў названы перыяд здзяйснялі несанкцыянаваны доступ да інфармацыі, якая захоўваецца ў БелТА, шляхам неправамернага выкарыстання рэквізітаў да ўліковых запісаў рэальных падпісчыкаў агенцтва. Абвінавачваная "пра гэта пэўна ведала, але не прыняла мераў да прадухілення, чым патурала злачынству", заявіла пракурор.

Шэраг супрацоўнікаў tut.by, паводле яе слоў, раней былі абвінавачаныя ў несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі, але цалкам прызналі сваю віну, пакрылі прычыненую імі шкоду і былі вызваленыя ад крымінальнага пераследу па арт. 86 КК. Сваю віну яны таксама прызналі ў судзе над Золатавай.

На падставе фактаў неправамернага доступу на працягу 2017 — паловы 2018 года, паводле слоў Харчэйкінай, было выяўлена, што з дапамогай камп'ютараў з офіса tut.by у платную вобласць БелТА заходзілі больш за 15 разоў у дзень. Пры гэтым "працоўнае месца абвінавачванай не ізалявана ад працоўных месцаў іншых супрацоўнікаў". Харчэйкіна нагадала, што падчас допытаў на этапе папярэдняга следства Золатава паказвала, што ёй было вядома аб выкарыстанні супрацоўнікамі чужых пароляў да БелТА, але ёй не хапіла рашучасці і волі, каб гэта спыніць. Змену сутнасці паказанняў у судзе дзяржабвінаваўца назвала выбарам пазіцыі абароны абвінавачванай.

Гэтыя факты разам з першапачатковымі паказаннямі сведак, на думку дзяржабвінаваўцы, кажуць пра тое, што Золатава даўно ведала пра тое, што яе падначаленыя здзяйсняюць злачынствы, але не было прынята ніякіх мер для таго, каб спыніць іх дзеянні.

Частотнасць заходаў у платную вобласць сайта БелТА, паводле слоў Харчэйкінай, сведчыць аб запатрабаванасці гэтага рэсурсу супрацоўнікамі tut.by, таму заяву Золатавай пра тое, што дамову з дзяржаўным агенцтвам заключаць было немэтазгодна, "варта ўспрымаць крытычна".

Крымінальную справу Марыны Золатавай разглядае суд Заводскага раёна Мінска. Слуханні доўжацца з 12 лютага.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239