Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/25/994248_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:24
25.02.2019 17:05 Грамадства

Віцэ-прэм`ер Петрышэнка: Дзейнасць прэс-службаў нельга назваць сістэмнай і высокаэфектыўнай

Мінск, 25 лютага. Будучыня беларускіх сродкаў масавай інфармацыі залежыць ад іх магчымасці ствараць канвергентныя (шматпрофільныя) рэдакцыі, заявіў намеснік прэм`ер-міністра Ігар Петрышэнка 25 лютага ў Мінску на пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі па выніках 2018 года.

"Мы жывем ва ўмовах аб`ектыўнага працэсу падзення чытацкай аўдыторыі традыцыйных папяровых СМІ. Акцэнты і перавагі ссоўваюцца ў інтэрнэт-асяроддзе. У сувязі з гэтым неабходна прадоўжыць развіццё мультымедыйнага складніка выданняў. Задача Міністэрства інфармацыі — забяспечыць паступовую трансфармацыю традыцыйных друкаваных выданняў у канвергентныя. Такі падыход адпавядае актуальнаму парадку дня", — цытуе Петрышэнку прэс-служба ўрада.

Паводле яго слоў, СМІ неабходна змагацца за захаванне і рост чытацкай аўдыторыі. "Друкаваныя і электронныя СМІ павінны забяспечыць прафесійны падыход да стварэння і распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі і ў поўнай меры несці адказнасць перад грамадствам за якасць, паўнату і дакладнасць падаванай інфармацыі. Таму важна, каб СМІ сёння сумленна і адказна служылі сваім чытачам, гледачам, слухачам, захоўвалі ўзважанасць ацэнак, усебакова і аб`ектыўна асвятляючы рэчаіснасць", — падкрэсліў віцэ-прэм`ер.

Ён таксама адзначыў, што мясцовая газета — "арганізатар і натхняльнік усіх раённых спраў": "Я з задавальненнем чытаю рэгіянальныя газеты, якія прасякнутыя цеплынёй і душэўнасцю, часам няспешнасцю. Прыемна, што за апошні час яны дадалі ў тэхналагічным плане. Але захоўваецца праблема якасці ў галіне кантэнту, вёрсткі, дызайну. Варта забяспечыць якаснае змяненне сістэмы працы рэгіянальных друкаваных СМІ ў адпаведнасці з патрабаваннямі сённяшняга дня. Трэба пісаць так, каб усім захацелася пераехаць жыць у гэты раён".

Праблемы рэгіянальных СМІ трэба вырашаць, а не толькі крытыкаваць іх, для чаго неабходна "наладзіць двухбаковую працу, якая павінна ісці ад рэдактараў-прафесіяналаў і кіраўніцтва", адзначыў Петрышэнка. "Калі хтосьці штосьці не да канца разумее, трэба арганізаваць семінары, правесці заняткі. Бо раённая газета — памочнік, арганізатар і натхняльнік усіх раённых спраў, таму важна іх захаваць", — сказаў ён.

Акрамя таго, на думку віцэ-прэм`ера, журналісты павінны праявіць усё сваё майстэрства пры падачы інфармацыі ў пазітыўным ключы, каб яна не пакідала людзей абыякавымі. "З пазітывам працаваць складаней, чым з негатывам, але ў дзяржаўнай прэсе ў нас працуюць прафесіяналы, творчы патэнцыял якіх вялікі", — дадаў Петрышэнка.

Прадстаўнік урада падкрэсліў важнасць сацыяльнай падтрымкі на месцах маладых спецыялістаў, якія працуюць у рэгіянальных СМІ: "Жыллё — ключавое пытанне. Не паспрыяеце — не будуць працаваць у раённых СМІ. Хочацца, каб маладыя спецыялісты былі запатрабаваныя ў рэгіёнах".

Намеснік прэм`ер-міністра звярнуў увагу і на працу прэс-службаў. "Дзейнасць прэс-службаў у цэлым нельга назваць сістэмнай і высокаэфектыўнай. Часта ў асоб, адказных за сувязі з грамадскасцю, не хапае неабходнай кваліфікацыі і прафесіяналізму. Эфектыўнасць жа ажыццяўлення дзяржаўнай улады ў немалой ступені залежыць ад інфармацыйнага суправаджэння яе дзейнасці, і без належнай медыяпадтрымкі немагчыма ўявіць механізм публічнай улады, які вынікова функцыянуе", — падкрэсліў Петрышэнка.

"Працуючы па-старому, мы не зможам ствараць новую інфармацыйную прастору", — заявіў у сваю чаргу на калегіі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. "Згодна з новым заканадаўствам, з 1 снежня 2018 года можна рэгістраваць сеткавыя выданні, але пакуль гэтым правам скарысталіся толькі адзінкавыя рэсурсы. А ці не гэты крок дазваляе ствараць асяроддзе новага характару або дакладней займаць сваё месца ва ўжо існуючым асяроддзі?" — цытуе чыноўніка сайт Мінінфарма.

Паводле слоў міністра, наклады мясцовых друкаваных выданняў у дзесяць разоў вышэйшыя за колькасць наведванняў інтэрнэт-версій гэтых выданняў. "Навацыі і новая стылістыка змогуць прыйсці толькі тады, калі павялічым хуткасць, якая будзе спалучацца з прагрэсам і разуменнем таго, што за інтэрнэт-рэсурсамі будучыня", — сказаў Карлюкевіч.

У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што рэгіянальныя СМІ павінныя стаць мультымедыйнымі. "Мы ўжо не першы год шмат размоў вядзем і пэўныя практыкі закладваем, каб рэдакцыі раённых газет сталі мультымедыйнымі, і ў гэтым плане звяртаемся да выканаўчай улады па падтрымку. Мне здаецца, што сёння ў творчым плане рэдактары раённых газет, іх супрацоўнікі могуць больш актыўна працаваць у сацыяльных сетках. Творчы патэнцыял для гэтага ёсць", — лічыць кіраўнік Мінінфарма.

Паводле яго слоў, галоўная задача, якая стаіць перад друкаванымі СМІ і журналістамі, — павышэнне канкурэнтаздольнасці інфармацыі: "Ці можа яна канкурыраваць з той інфармацыяй, тымі тэмамі, якія праходзяць праз сацыяльныя сеткі? Я думаю, так неабходна ставіць пытанне".

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239