Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/25/994314_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 23:59
25.02.2019 21:58 Грамадства, Палітыка

Суд Мінскага раёна разгледзіць адміністрацыйную справу затрыманага абаронцы Курапатаў Урбановіча

Мінск, 25 лютага. Суд Мінскага раёна 26 лютага разгледзіць адміністрацыйную справу затрыманага абаронцы Курапатаў Дзяніса Урбановіча, паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец у "Фэйсбуку".

Урбановіч быў затрыманы 25 лютага. Увечары 16 лютага ў Курапатах каля рэстарана "Паедзем паядзім" яго збіў аўтамабіль. Тады некалькі актывістаў дзяжурылі каля рэстарана. Яны інфармавалі людзей, якія прыязджалі ў забаўляльную ўстанову, пра тое, што ў Курапатах знаходзіцца нацыянальны некропаль, у гэтым месцы праходзілі масавыя расстрэлы ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Аўтамабіль, які збіў Урбановіча, ехаў на вялікай хуткасці, таму актывіст не паспеў ухіліцца. Ён упаў на асфальт і стукнуўся галавой. Кіроўца аўтамабіля пры гэтым нават не спыніўся і пакінуў месца ДТЗ. Супрацоўнікі ДАІ, якія прыбылі на месца здарэння, затрымалі вадзіцеля, склалі пратакол, забралі ў яго правы, а таксама правялі следчы эксперымент, каб разабрацца ў сітуацыі.

Хуткая дапамога забрала Урбановіча ў бараўлянскую раённую бальніцу, дзе яму знялі боль, зрабілі рэнтген і МРТ галавы. Пераломаў і цяжкіх траўмаў у актывіста не выявілі, дыягнаставалі толькі ўдары, сказаўшы, што ўсё будзе добра.

17 лютага Урбановіч паехаў у Следчы камітэт, каля якога яму стала дрэнна, была выкліканая хуткая дапамога. У выніку ў той жа дзень яму наклалі шыйна-плечавы гіпс у сувязі з вельмі моцнымі ўдарамі шыі, пляча і рукі. Медыкі загадалі актывісту насіць гіпс тры тыдні.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239