Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/28/994736_994737/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:19
28.02.2019 11:43 Палітыка

Дэпутат Дзярждумы: Камусьці ў Расіі хацелася б, каб Беларусь займала іншую пазіцыю па Крыме, але яна — суверэнная краіна

Мінск, 28 лютага. Некаторым у Расіі хацелася б, каб Беларусь займала прарасійскую пазіцыю па Крыме, прызнала самаабвешчаныя рэспублікі Абхазію і Паўднёвую Асецію, аднак з інтарэсамі суверэннай краіны трэба лічыцца. Пра гэта заявіў журналістам у Мінску 28 лютага старшыня камітэта Дзярждумы РФ па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі, намеснік старшыні камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі Леанід Калашнікаў.

Сёння ў Мінску ў закрытым для прэсы рэжыме праходзіць пасяджэнне камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі.

"Беларусь — суверэнная дзяржава. Некаторым, вядома, хацелася б, каб краіна займала іншую пазіцыю [па Крыме, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі], каб у некаторых іншых пытаннях Беларусь была больш актыўнай, — сказаў Калашнікаў. — Я лічу, каму б чаго ні хацелася, усяму свой час, і Беларусь сёння дзейнічае ў адпаведнасці са сваімі суверэннымі нацыянальнымі інтарэсамі. І з гэтым мы, расійскія палітыкі, павінны лічыцца".

Каментуючы дыскусію аб далейшай беларуска-расійскай інтэграцыі, што абвастрылася ў апошні час, ён падкрэсліў, што "спрэчныя моманты ўзнікаюць заўсёды, у тым ліку ў родных братоў". "Паверце мне, мы дамовімся. Хоць у нас ва ўрадзе ёсць і іншыя меркаванні — што адносіны трэба паставіць на дзелавую аснову. Я так не лічу. На тое мы і парламентарыі, каб абсякаць, ставіць на месца", — сказаў расійскі дэпутат.

На думку Калашнікава, заходнім краінам выгаднае супрацоўніцтва з Расіяй і санкцыі ў дачыненні да РФ рана ці позна будуць адменены. "Мы спадзяемся і верым, што нікуды Захад не дзенецца. Усім ім выгадна ў канчатковым выніку супрацоўнічаць, таму і санкцыі пройдуць, і часы гэтыя пройдуць", — лічыць ён.

Пры гэтым дэпутат нагадаў, што маштабныя санкцыі дзейнічалі ў дачыненні да Беларусі, а сёння — "аказалася роўна наадварот".

Калашнікаў упэўнены, што ў пытанні ўвядзення санкцый дзейнічаюць "падвойныя стандарты". "Гэтыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі ці ў дачыненні да Расіі — для мяне цалкам відавочна, што яны палітызаваныя і прымаюцца ў адпаведнасці з той палітыкай, якая стаіць сёння на парадку дня", — адзначыў старшыня камісіі. У якасці прыкладу такіх "падвойных стандартаў" ён прывёў крытыку Беларусі за прымяненне смяротнага пакарання, тады як гэта вышэйшая мера ў ЗША ці Японіі такой рэакцыі ў заходніх палітыкаў не выклікае.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239