Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/28/994832_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 16:00
28.02.2019 17:03 Грамадства

Шуневіч прапаноўвае для зацятых парушальнікаў ПДР увесці бальную сістэму з перспектывай пазбаўлення пасведчання кіроўцы

Мінск, 28 лютага. Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала шэраг прапаноў да нарады кіраўніка дзяржавы з сілавым блокам, заявіў 28 лютага міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Каментар Шуневіча журналістам быў паказаны ў эфіры навін тэлеканалаў "Беларусь 1" і СТВ. Паводле слоў Шуневіча, адна з прапаноў тычыцца бяспекі дарожнага руху, у прыватнасці ўзмацнення адказнасці зацятых парушальнікаў ПДР.

Міністр паведаміў, што для тых, хто "наўмысна неаднаразова ігнаруе і парушае правілы дарожнага руху дзесяткі і больш разоў на працягу года", прапануецца ўвесці бальную сістэму рэагавання на парушэнні з перспектывай часовага пазбаўлення іх права кіраваць аўтамабілем.

Ва ўсім свеце такая практыка даўно рэалізуецца і мае станоўчы вопыт, падкрэсліў чыноўнік.

"Бальная сістэма працаваць будзе дастаткова проста: за пэўныя віды правапарушэнняў у галіне дарожнай бяспекі будуць налічвацца балы, — распавёў ён. — І калі грамадзянін — кіроўца ці пешаход — будзе набіраць пэўную колькасць балаў за гэтыя правапарушэнні, ён будзе пазбаўляцца права на кіраванне транспартным сродкам на пэўны перыяд часу, каб выключыць магчымасць здзяйснення больш цяжкага правапарушэння, у тым ліку злачынства".

Як паведамляў БелаПАН, бальная сістэма штрафаў за парушэнне правілаў дарожнага руху можа запрацаваць ужо сёлета. Прапанова ўкараніць яе ўнесеная на разгляд вясновай сесіі парламента ў рамках законапраекта "Аб дарожным руху". Ці запрацуе сістэма сёлета, залежыць ад дэпутатаў.

У 2018 годзе МУС выносіў увядзенне бальнай сістэмы на грамадскае абмеркаванне. Паводле яго вынікаў міністэрства паведаміла, што большасць рэспандэнтаў падтрымалі прапанаваную ініцыятыву. Аднак дэпутаты ў жніўні яе не падтрымалі. Тады законапраект "Аб дарожным руху" абмяркоўваўся на пашыраным пасяджэнні камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі з прадстаўнікамі УДАІ МУС, Мінтранса, Адміністрацыі прэзідэнта і іншых ведамстваў.

Бальная сістэма прадугледжвае дыферэнцыяваны падыход, калі колькасць штрафных балаў залежыць ад ступені цяжару правапарушэння і яго грамадскай небяспекі. Набраныя на працягу года з моманту ўчынення парушэння штрафныя балы згараюць, калі кіроўца не парушыў ПДР паўторна. У некаторых краінах гэтыя балы захоўваюцца даўжэй, на працягу двух-трох гадоў.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239