Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/02/28/eu_994756_994757/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 19:05
28.02.2019 13:29 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Прэм`ер-міністр Літвы плануе звярнуцца да Беларусі з прапановай "рацыянальнага рашэння" ў дачыненні да БелАЭС

Мінск, 28 лютага. Прэм`ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс плануе звярнуцца да беларускіх уладаў з прапановай наконт Беларускай АЭС, паведамляе партал Delfi.

"Што мы можам цяпер зрабіць? У нас ёсць план-"хуліган". Я прапаную беларусам рашэнне. Рацыянальнае. Не такое, што кажа: "Закрыйце", — заявіў Скверняліс, які з`яўляецца кандыдатам у прэзідэнты Літвы, на сустрэчы з жыхарамі горада Кедайняй.

Скверняліс не стаў удакладняць, што менавіта ён мае намер прапанаваць Беларусі з нагоды АЭС.

У сваю чаргу дзейны прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, каментуючы выказванні Скверняліса, заявіла: "Міжнародныя арганізацыі пацвердзілі, што пляцоўка для БелАЭС абраная небяспечная, а сама атамная станцыя ўяўляе пагрозу. Таму неабходна дамагацца закрыцця БелАЭС. Вопыт Аўстрыі паказаў, што гэта магчыма, калі дастае палітычнай волі".

Старшыня парламенцкай камісіі па пытаннях энергетыкі і гарманічнага развіцця Віргіліюс Подэрыс сказаў, што з ім Скверняліс свае планы яшчэ не абмяркоўваў. Подэрыс патлумачыў, што пазіцыя Літвы ў дачыненні да БелАЭС адлюстравана ў законе і пакуль ніхто не ўносіў прапаноў яго змяніць.

У чэрвені 2017 года літоўскі сейм прыняў закон, у якім гаворыцца, што БелАЭС з`яўляецца небяспечнай і ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і здароўя людзей. Мэта гэтага закона — абгрунтаваць абмежаванні імпарту электраэнергіі. Урад пасля зацвердзіў план, як блакаваць імпарт электраэнергіі, якая будзе выпрацоўвацца на БелАЭС.

Літва лічыць, што будаўніцтва БелАЭС за 50 км ад Вільнюса вядзецца з парушэннямі патрабаванняў бяспекі, без выканання міжнародных стандартаў, між тым Мінск усе гэтыя абвінавачанні адхіляе.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў пачатку 2019 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВ•гадз электраэнергіі штогод.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239