Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/01/995079_995095_123456/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 17:10
01.03.2019 17:57 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Дамаўляцца і размаўляць з кіраўніцтвам Расіі заўсёды было няпроста

Мінск, 1 сакавіка. "Дамаўляцца і размаўляць з кіраўніцтвам Расіі заўсёды было няпроста", — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе "Вялікай размовы з прэзідэнтам" 1 сакавіка.

Гаворачы пра апошнюю сустрэчу з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Сочы, Лукашэнка адзначыў: "Быццам бы мы дастаткова адкрытыя былі там, але больш нас бачылі на схілах гор або на хакейнай пляцоўцы. Хаця мы ж пачалі сочынскія перамовы з дзелавой часткі, а ўжо потым былі асабістага плана кантакты, што для дзелавога асяроддзя, для палітыкаў таксама важна".

Паводле слоў Лукашэнкі, першы "дзелавы заход на перамовы быў звязаны з многімі праблемамі, у тым ліку пра лёс беларуска-расійскіх адносін у кантэксце саюзнага дагавора". "Мы прааналізавалі ўсе артыкулы дагавора, мы абмеркавалі, наколькі паспяхова прасунуліся ў тым ці іншым напрамку, — сказаў Лукашэнка. — Зроблена нямала. Тое, што вы прыязджаеце ў Беларусь, а мы прыязджаем у Маскву ці нейкі іншы расійскі горад без праблем, — гэта ж факт. Так, розныя ў нас валюты, так, ёсць некаторыя нязручнасці, але праблем няшмат. У гэтай частцы мы зрабілі нямала і прасунуліся даволі прыстойна".

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што ў іншых сферах беларуска-расійскіх адносін праблем хапае. "Я хваравіта на іх рэагую, таму што гэта тыя праблемы, якіх не павінна быць. Гэта тыя праблемы, якія павінны вырашацца", — сказаў ён.

Найперш гаворка ідзе аб падатковым манеўры, які праводзіць Расія. "Калі ў Расіі ёсць нейкія праблемы, складанасці з грашовымі сродкамі і іншае, то добра — мы не ставім пытанне аб падатковым манеўры, калі гэта цяжка для Расіі, — сказаў Лукашэнка. — Занадта мы ўжо перабольшваем ціск усялякіх манеўраў падатковых ў Расіі на эканоміку ў Беларусі. Што да цэнавага выражэння, гэта каля 400 мільёнаў долараў у год. Пры ВУП больш за 50 мільярдаў долараў, я думаю, мы як-небудзь гэта перажывём або перажуём".

Гаворачы аб прэтэнзіях Беларусі па падатковаму манеўру, Лукашэнка падкрэсліў, што калі бакі дамаўляліся аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза, Беларусь не прасіла танныя газ і нафту. "Мы жалезна дамовіліся, што нашы прадпрыемствы будуць працаваць у роўных умовах. Гэта краевугольны камень нашых пагадненняў і дамоўленасцей, на іншае мы б нават не пайшлі. Якая нам цікавасць заключаць пагадненні ў шкоду эканоміцы Беларусі?" — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, аналагічныя ўмовы меркаваліся і пры стварэнні ЕАЭС. "Потым пайшлі канфіскацыі з боку Расіі, — адзначыў Лукашэнка. — Слухайце, нафта і газ — гэта асаблівы тавар, адчувальны, значны. Мы купляем бяспошлінна ў вас нафту і газ, газ спажываем, нафту перапрацоўваем, як гэта было заўсёды, і прадаём на знешніх рынках. Расіяне кажуць: "Вы ведаеце, вось вы бяспошлінна купляеце ў нас нафту, а потым там прадаяце і на гэтым зарабляеце". Ну, слухайце, мы ж заключылі з вамі дагавор, вы ж разумелі, што вы будзеце пастаўляць нам гэтую нафту, што гэта бяспошлінны гандаль. Сапраўды гэтак жа і мы вам пастаўляем тавары ўсе без пошліны".

Расія вырашыла абнуліць пошліну і ўвесці падатак на здабычу прыродных рэсурсаў, канстатаваў Лукашэнка. "І гэта абсалютна роўна па памеры — што там пошліна, што гэты падатак. Яны сышлі ад пошліны, таму што дагавор заключаны аб бяспошлінным гандлі. Як у беларусаў адбіраць гэтую пошліну? Гэта ж ужо наш тавар, калі мы выпрацавалі салярку або бензін і прадаём кудысьці, і атрымліваем грошы, — сказаў Лукашэнка. — Мы ж не забіраем, калі вы перапрадаяце нашы тавары, як гэта было, калі я прыязджаю ў В'етнам і мне паказваюць трактары, якія пастаўляе Расія, а гэта "МТЗ". У нас бяспошлінна забіралі трактары і прадавалі на трэціх рынках. Што зробіш? І тут так — мы нафту набылі, а салярку потым прадалі, атрымалі нейкую пошліну. Яны прыбіраюць пошліну і ўводзяць падатак на здабычу рэсурсаў, такім чынам цана на нафту для нас падымаецца і робіць нашы заводы неканкурэнтаздольнымі".

Лукашэнка заявіў, што з 2015 года з-за падатковага манеўру ў Расіі Беларусь ужо страціла 3,4 млрд долараў. "Які галоўны аргумент ва ўрада Расіі? Яны кажуць:" Гэта наша ўнутраная справа — падаткі ўводзіць. Гэта ўнутраная справа, і мы беларусам не абяцалі ніякіх кампенсацый". Так, не абяцалі. Але калі мы заключалі дагавор на ЕАЭС, тады гаворкі не ішло пра нейкія манеўры. Тады мы ўявіць не маглі, што такое магчыма. Таму, вядома, яны не абяцалі нам кампенсаваць страты ад падатковага манеўру. Гэта праўда", — адзначыў ён.

Яшчэ адным праблемным пытаннем у адносінах з Расіяй Лукашэнка назваў цану на газ. "Не патрэбен нам танны газ. Нашы БелАЗ, МАЗ, МТЗ, нашы людзі павінны быць у роўных умовах з расіянамі. Гэта аксіёма, ад гэтага нікуды не дзенешся, на гэтым будуюцца ўсе саюзы, — сказаў ён. — Не можа быць так, каб прадпрыемствы ў нас прыродны газ спажывалі па 200 долараў, а вашы — па 60. Якая ж тут канкурэнцыя? Нас такім чынам проста выштурхваюць з рынку. Мы вымушаныя за кошт зніжэння сабекошту аж да заработнай платы (яна ў два разы ніжэйшая, чым у вас) усюды эканоміць, падціскацца для таго, каб канкурыраваць на агульных рынках".

На гэты год бакі дамовіліся аб цане на прыродны газ. Перамовы аб цане на наступны год стануць "яшчэ адной баталіяй, аналагічнай падатковаму манеўру". Паводле слоў Лукашэнкі, нягледзячы на дамоўленасці з Пуціным пачаць перамовы па цане на газ, пакуль "ніякіх рухаў з боку Расіі, не ідуць нават на перамовы".

"Нам не трэба нічога таннага, мы не хочам жыць за кошт расіян, — заявіў Лукашэнка. — Мы хочам працаваць з вамі ў адной эканамічнай і гандлёвай прасторы на роўных умовах. Па 60 долараў рэсурсы — добра, будзем па 60. Па 200 — давайце па 200. Але канкурэнцыя павінна быць сумленнай і справядлівай, калі мы гатовыя будаваць нашы саюзныя адносіны".

Лукашэнка паведаміў, што на наступным тыдні ў яго плануецца нарада па інтэграцыйных пытаннях. "Мы таксама разгледзім пытанне ўзаемаадносін з Расійскай Федэрацыяй і вось гэтыя праблемы. Пра сваю пазіцыю я прэзідэнта Расіі паінфармую. Прымальнай яна будзе расіянам ці не, яны мне таксама скажуць", — сказаў Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне, калі запланавана яго наступная сустрэча з Пуціным, Лукашэнка сказаў: "Мы не планавалі сустрэчу, але калі будзе неабходнасць, на працягу сутак дамовімся. У нас глыбіня адносін і адносіны з ім такія, што мы заўсёды на працягу сутак знойдзем час, калі трэба будзе асабіста сустрэцца і перамовіцца. Гадзіну ляцець да Масквы, да Піцера — гадзіну пятнаццаць. У нейкім іншым месцы можам сустрэцца, не праблема".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН