Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/01/995100_123456/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 16:14
01.03.2019 18:06 Эканоміка

Падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам" Лукашэнка ўступіў у палеміку з эканамістам Яраславам Раманчуком па пытаннях прыватызацыі і свабоды бізнесу

Мінск, 1 сакавіка. Падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам" 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ўступіў у палеміку з эканамістам Яраславам Раманчуком па пытаннях прыватызацыі, свабоды бізнесу і дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў.

Раманчук прапанаваў зрабіць бізнес лакаматывам эканамічнага росту ў рэгіёнах. Аднак, падкрэсліў эканаміст, для гэтага трэба, каб сілавікі перасталі "кашмарыць" бізнесменаў. Раманчук звярнуў увагу на тое, што сілавыя структуры маюць вялікі ўплыў пры абмеркаванні пытанняў макраэканомікі, эканамічнай і інвестыцыйнай палітыкі. "Успрыманне бізнесу такое: я не ведаю, што будзе заўтра, кайданкі на мяне надзенуць або медаль дадуць", — сказаў Раманчук.

"Адносна тагор, што хтосьці "кашмарыць" бізнес. Ні адзін сілавік пры маёй палітыцы гэта дазволіць не можа, — заявіў у адказ Лукашэнка. — Нідзе ніколі не заяўляй па-папулісцку, што ў нас сілавікі чыняць усе справы, і асабліва — у эканоміцы . Яны абараняюць дзяржаву. І дай бог усім такіх сілавікоў. Яны — не ў кланах, не ў групоўках, гэта людзі прэзідэнта, адказныя перад ім. Да прызначэння на пасаду я іх нікога не ведаў, у мяне сябрукоў тут няма. Наогул ва ўладзе ў мяне сяброў няма. Хто быў — два-тры чалавекі адседзелі ў турме і сёння займаюцца сваімі справамі, сем'і глядзяць, таму што занадта вольна сябе паводзілі. Таму не трэба гэтых намёкаў, што хтосьці "кашмарыць" і я тут ледзь не групаўшчыну ў краіне развёў. Гэтага не дазволю. Я прэзідэнтам не буду хутчэй, чым у мяне будзе гэтая групаўшчына. Гэта гібель для дзяржавы".

Пасля слоў Раманчука аб неабходнасці развіцця прыватнай уласнасці і свабодзе прадпрымальніцтва ў сельскай гаспадарцы Лукашэнка выказаў меркаванне, што яго (Раманчука) трэба "зазямліць" і, як тэарэтыка, "праз зямлю прапусціць". Лукашэнка прапанаваў эканамісту заняцца пэўнай сельгасвытворчасцю.

Па словах кіраўніка дзяржавы, некаторыя пачынаюць займацца бізнесам, не ўмеючы гэтага рабіць. "У нашай краіне ўсе — бізнесмены. І ўлада вінаватая, што ён потым прагарэў. Чаго туды палез? Што дрэнна? Свабоды не хапае? Заўсёды каму-небудзь чагосьці не хапае, гэтай няшчаснай свабоды", — адзначыў Лукашэнка. Ён лічыць, што яму, як палітыку, трэба "захоўваць грамадскі баланс". Пры гэтым падкрэсліў, што ён не супраць прыватызацыі ў прынцыпе, але супраць рэвалюцый і такой прыватызацыі, як, напрыклад, у Расіі, калі "бандыты скупляюць цэлыя раёны за капейкі".

Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу Францыю, якая, паводле яго слоў, "лічыцца апорай дэмакратыі і свабоды" і ў якой акцыі "жоўтых камізэлек" разганяюць вадамётамі, слезацечным газам і гумовымі кулямі. "Вось вам — дэмакратыя. Прачніцеся і паглядзіце, у якім мы свеце жывём", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на заўвагу Раманчука пра тое, што 65% дабаўленага кошту бізнес аддае на падаткі, Лукашэнка запярэчыў, што гэтыя грошы не прысвойваюць, а ідуць на заробак дактарам і настаўнікам.

Лукашэнка назваў дзяржпадтрымку стратных прадпрыемстваў часовай мерай, якая пакуль неабходная. Пры дзяржпадтрымцы, падкрэсліў ён, вывучаюцца "усе нюансы і дэталі", прадпрыемствам даюць адтэрміноўку плацяжоў па раней выдадзеных крэдытах, яны паступова выходзяць на рэнтабельную працу. Ён прывёў як прыклады Баранавіцкае баваўнянае аб'яднанне, "Гомельшкло", дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы.

Успомніў Лукашэнка і праграму адраджэння вёскі, за якую яго ў свой час крытыкавалі, а цяпер ставяць у прыклад. "Так, укладвалі ў сельскую гаспадарку, і нямала. Можа, яшчэ не ўсе эфектыўна працуюць, але галоўнае, што не ходзім сёння з працягнутай рукой і не просім кавалак хлеба", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН