Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/01/995129_995130/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 21:19
01.03.2019 18:35 Палітыка

Лукашэнка: Я ніколі не пайду на тое, каб загубіць краіну ў імя асабістых амбіцый

Мінск, 1 сакавіка. "Дзеля сваіх дзяцей я не буду трымаць уладу і перадаваць яе па спадчыне", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне "Радыё Свабода" пра магчымыя шляхі змены ўлады ў Беларусі 1 сакавіка падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам".

"Абяцаю, на той свет мяне з прэзідэнцкага крэсла не панясуць", — сказаў Лукашэнка. Ён запэўніў, што ні ў каго з яго сыноў няма жадання змяніць яго на гэтай пасадзе. "Не перажывайце за меншага, я часам чытаю гэтыя дзікія выдумкі ў інтэрнэце, у СМІ... Але няма ў мяне мэты па спадчыне перадаць уладу. Наша краіна не пампуе нафту, газ, калі, ведаеце, трубу паклаў — спі спакойна, пампуеш, валюта капае, і дзецям добра", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, прэзідэнцтва — вельмі цяжкая пасада. "Я не хачу казаць, што я мучуся. <...> Ніхто ў гэта не паверыць. Калісьці мучуся, калісьці радуюся. Я рад толькі аднаму — што мяне абралі ў свой час першым прэзідэнтам Беларусі. Я гэта цаню", — падкрэсліў ён.

Лукашэнка абверг "разважанні" некаторых СМІ пра тое, што ён з Уладзімірам Пуціным "хочуць аб'яднаць дзяржавы, падзяліць пасады". "Публічна вам заяўляю ў прамым адкрытым эфіры: я не першы тэрмін прэзідэнт, і ўжо наеўся гэтага прэзідэнцтва. Таму загубіць краіну ў імя асабістых амбіцый — я ніколі на гэта не пайду. Гэта значыць перакрэсліць усё, што ты рабіў на працягу двух дзясяткаў гадоў. Я не збіраюся сваё палітычнае жыццё прадаўжаць за кошт нейкіх выкрутасаў палітычных ці канфігурацый. Ці ажыццяўляць транзіт ад сябе да сябе", — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што з'яўляецца вельмі самалюбным чалавекам, і, калі заўтра за яго не прагаласуюць, будзе перажываць "цішком", нідзе "плакацца і крычаць гвалтам" не будзе.

У той жа час кіраўнік дзяржавы не выключае, што вылучыць сваю кандыдатуру на новы тэрмін. "Я гэтую заяву раблю, зыходзячы з цяперашняга стану, свайго і краіны, адносін да мяне. Я не змагу не вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта. Гэта я цяпер так думаю. Можа змяніцца і здароўе, і яшчэ нешта, і прыйдзецца зрабіць па-іншаму", — дадаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што кажа пра гэта цяпер, каб пасля яго не абвінавацілі ў баязлівасці. "Каб не сказалі, што ў цяжкую хвіліну я зваліў, збег. Я вылучу сваю кандыдатуру — вы выбірайце любога. Ці можаце за мяне не галасаваць, гэта будзе нармальна. Але калі нешта абваліцца потым, а вы абралі Пятрова, а не Лукашэнку, я буду спакойны, калі яшчэ буду жыць. <...> Вы маглі за мяне прагаласаваць, але не прагаласавалі. Я хачу сябе ў гэтым плане, хоць, можа, гэта і не сціпла, засцерагчы, каб мяне потым не папракнулі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён паабяцаў не весці перадвыбарную агітацыю і прапаганду на сваю карысць. "Мая справа — забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў. Калі выберуць іншага, ні ў якім разе не пакрыўджуся. Буду разумець, што прыйшоў час, трэба сыходзіць", — запэўніў Лукашэнка.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН