Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/01/995153_995154/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 22:42
01.03.2019 18:18 Палітыка

Лукашэнка: Калі Беларусь прызнае Крым расійскім, украінцы плюнуць у мой бок

Мінск, 1 сакавіка. Беларусь не можа прызнаць Крым расійскім, паколькі Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца адным з падпісантаў Будапешцкага мемарандума, які пацвярджае ў тым ліку забеспячэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў 1 сакавіка падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам", адказваючы на пытанне журналіста расійскай "Комсомольской правды", ці не надышоў час Беларусі афіцыйна прызнаць уваходжанне Крыма ў склад РФ.

Паводле слоў Лукашэнкі, у апошні час ён не абмяркоўваў гэта пытанне з Уладзімірам Пуціным. "Я нават вам цяпер не магу расказаць, як мы абмяркоўвалі гэтыя праблемы — Крыма, Данбаса — першапачаткова, як толькі яны з'явіліся. Але ў нас было поўнае паразуменне. І я ўжо тады падзякаваў Пуціну за яго разуменне майго становішча", — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2014 годзе ў Кіеве пасля інаўгурацыі Пятра Парашэнкі адказваў на пытанні прэсы датычна тэрытарыяльнай прыналежнасці паўвострава. "І я ім задаў адно пытанне: скажыце, колькі загінула ўкраінцаў, якія абаранялі Крым пры нападзе, падчас захопу Крыма Расіяй? Ніводнага. А колькі прагучала стрэлаў? Ніводнага. Значыць, вы моўчкі пагадзіліся, што Крым не ваш", — нагадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, некаторыя людзі ў Расіі патрабавалі ад беларускага прэзідэнта, каб ён прыняў прарасійскую пазіцыю па сітуацыі ў Крыме і Данбасе: "Калі ты саюзнік, калі ты прарасійскі, калі ты "пранаш" — ты павінен тое і тое зрабіць".

У сувязі з гэтым Лукашэнка нагадаў, што ў 1995 годзе ён быў адным з падпісантаў Будапешцкага мемарандума. "Крым афіцыйна ў маёй прысутнасці быў прызнаны тэрыторыяй Украіны, — адзначыў ён. — І я падпісаў гэты дакумент. Што вы ад мяне сёння хочаце?"

Лукашэнка дадаў, што Расіі "можа спатрэбіцца ў гэтым канфлікце такая пазіцыя Беларусі". "Скажыце, што зменіцца пасля таго, як я цяпер, у прамым эфіры, заяўлю аб тым, што Крым наш ці Крым расійскі? Нічога. Гэта пройдзе навіной вечарам, а раніцай — забудуць, ніхто слова не скажа. На Захадзе — ну, можа, хтосьці заўважыць. У нас народ падумае: ну, Лукашэнка, чаго ты ўлез у гэта, столькі часу прайшло? Ва Украіне скажуць: "сабака" — і плюнуць у мой бок. У выніку што мы атрымаем? Разумееце, трэба глядзець далей, глыбей", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што раней у Расіі яго крытыкавалі за непрызнанне незалежнасці самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Аднак, дадаў Лукашэнка, ён адмовіўся ад такога кроку з-за магчымасці ўвядзення эканамічных санкцый супраць Беларусі.

Гаворачы пра ўрэгуляванне сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Бяда там — трэба вырашаць гэтую праблему. Не дай бог там амерыканцы размесцяць ракеты сярэдняй і малой далёкасці — мала не будзе". Кажучы пра расійска-ўкраінскі канфлікт, ён падкрэсліў, што "паднеслі самі, сваімі рукамі, падарунак ЗША", а таксама "разбурылі краіну".

Першым такім "падарункам" Лукашэнка назваў вывад савецкіх войскаў з Усходняй Еўропы.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН