Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/01/995159_123456/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 20:29
01.03.2019 19:19 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Навошта навязваць Беларусі нейкі рускі свет? Калі мы сталі па-за гэтым рускім светам?

Мінск, 1 сакавіка. "Мова — гэта, што нас у тым ліку і перш за ўсё, можа быць, ну можа, гэта і адзінае, што адрознівае ад рускіх. Ад рускіх і ад іншых", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на "Вялікай размова з прэзідэнтам" 1 сакавіка.

"Гэта — прыкмета любога народа, — падкрэсліў ён. — Калі ты народ, у цябе павінна быць мова. Таму трэба і падтрымліваць гэтыя тэндэнцыі (беларусізацыю. — БелаПАН.)".

"Для мяне беларуская мова — мая родная мова, такая ж, як руская. Можа, я дрэнны ў гэтым плане прэзідэнт, але руская мова — гэта наша. Як Ленін казаў: спадары, ад якой спадчыны мы адмаўляемся?" — сказаў Лукашэнка.

"Чаму ў нас гэтая тэма блукае ўсё больш і больш? — задаў пытанне беларускі кіраўнік. — Ведаеце, з`явіліся паняцці "рускі свет" , "мяккая сіла" , "беларусізацыя" і іншае. Мы з прэзідэнтам Пуціным па маёй ініцыятыве так абмяркоўвалі з маімі прэтэнзіямі да яго гэтую тэму. Я кажу: трэба спыніць у Расіі ўсякія гэтыя размовы. Што значыць пашырэнне рускага свету за кошт Беларусі? Слухай, калі мы сталі па-за гэтым рускім светам? У нас мітрапаліт Павел — рускі чалавек. Нашы людзі гэта нармальна ўспрымаюць, за выключэннем там некалькіх, яны нікога не ўспрымаюць. У нас праваслаўе 85-88% людзей, мы размаўляем на рускай мове, мы думаем, як рускія. Навошта навязваць Беларусі нейкі рускі свет? Каб узбаламуціць людзей? Вось была мая аснова, чаму я абурыўся".

Паводле слоў Лукашэнкі, з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным у яго былі жорсткія дэбаты на гэтую тэму. "І мы неяк знайшлі паразуменне, у нас ужо праблемы гэтай не стаіць, хоць у некаторых краінах, вельмі дружалюбных да Расіі... Мы аднойчы з ім едзем па сталіцы адной краіны. Я кажу: слухай, локцем штурхаю яго, кажу, паглядзі па баках. Кажа: "А што?" — "нешта на рускай мове, на нашай мове няма ніводнай рэкламы, ніводнай назвы, і вы маўчыце і нас папракаеце ў нейкай беларусізацыі", — падзяліўся Лукашэнка.

На думку афіцыйнага лідара, расіяне яшчэ не ўяўляюць, што такое Беларусь і як тут няпроста. "І падарваць сітуацыю элементарна. Ведаеце, настроіць людзей, стварыць гэтую кашу, а потым вельмі доўга і цяжка давядзецца з гэтага выкручвацца. Гэта як у эканоміцы: прыватызаваў, а потым расхлёбваць будзеш доўгія гады", — заявіў ён.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН