Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/01/995175_995176/
Дата раздрукоўкі: 24.08.2019 18:39
01.03.2019 19:37 Грамадства, Культура, Палітыка

Лукашэнка пра "Еўрабачанне": У гэтым конкурсе нам не ўдасца перамагчы

Мінск, 1 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка, каментуючы на "Вялікай размове з прэзідэнтам" 1 сакавіка падрыхтоўку Беларусі да ўдзелу ў "Еўрабачанні", заявіў, што сочыць за конкурсам і лічыць яго палітычным.

"Еўрабачанне" — гэта не чыста музычны конкурс, ён даўно палітызаваны. Рэдка бывае, што там пераможа той, хто павінен. Асабліва пры галасаванні на постсавецкай прасторы. За каго галасуюць, як асабліва раней, да канфлікту з Украінай, — усе галасы, па 12 балаў, атрымлівала Расія. Не таму, што выканаўцы былі лепшыя, чым ва Украіны, у Беларусі, Грузіі. А таму, што было так прынята. І мы заўсёды былі схільныя да Расіі, 12 балаў аддавалі расіянам. Ёсць сур'ёзная палітызацыя па геаграфічным прынцыпе, палітычных матывах. Папракаць за гэта арганізатараў "Еўрабачання" не варта, у гэтым мы вінаватыя самі. Я да таго кажу, што наўрад ці нам удасца перамагчы на гэтым конкурсе", — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што надае ўвагу працэсу падрыхтоўкі адбору артыстаў, паколькі гэта — імідж дзяржавы.

"Я сачу за адборам. Даручыў прэс-сакратару і кіраўніку адміністрацыі гэтым займацца і кантраляваць, хоць ёсць адпаведнае міністэрства і Белтэлерадыёкампанія. Я папярэдзіў: калі вы траціце грошы, няхай і невялікія, хтосьці за іх павінен несці адказнасць", — падкрэсліў афіцыйны лідар.

Лукашэнка адзначыў, што часам чытае ў інтэрнэце матэрыялы пра падрыхтоўку да конкурсу, у якіх сцвярджаецца, што вынік адбору вядомы загадзя.

"Нічога нідзе не вызначана. Пазіцыю я сваю выказаў: павінны паехаць годныя людзі, якія перамогуць у адборы. Ні ў якім разе прэферэнцый быць не павінна. Яны будуць адказваць, арганізатары і журы. За журы спытаюць самым жорсткім чынам", — сказаў Лукашэнка.

У якасці прыкладу поспеху ён прывёў вынік беларускі Марыны Васілевіч, якая ўвайшла ў пяцёрку лепшых на конкурсе "Міс свету — 2018".

"Калі мы робім усё сумленна і аб'ектыўна, тады мы заяўляем пра сябе. Прыклад таму — "Міс Беларусь", "Міс свету". Усё было сумленна, адкрыта, так, я кантраляваў, бачыў працэс і ведаю, што ўсё было сумленна, ведаю, якія былі хітраспляценні і хто чаго хацеў. Аднак зрабілі сумленна, і вынік нейкі ёсць", — адзначыў афіцыйны лідар.

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН