Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/04/995300_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.08.2020 16:42
04.03.2019 13:10 Эканоміка, Фінансы

МФК прапаноўвае ўладам Беларусі стварыць экспертны цэнтр па ацэнцы прававых актаў для бізнесу

Мінск, 4 сакавіка. Прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі (МФК) у Беларусі прапаноўвае стварыць экспертны цэнтр, задачай якога стане ацэнка рэгулюючага ўздзеяння (АРУ) нарматыўных прававых актаў, што прымаюцца ў Беларусі. Адпаведная прапанова МФК абмяркоўваецца з Мінэканомікі, паведамілі ў прадстаўніцтве карпарацыі.

Ініцыятыва МФК звязаная з уваходжаннем у сілу 1 лютага 2019 года закона ад 17 ліпеня 2018 года № 130-З "Аб нарматыўных прававых актах" і пастановы Саўміна ад 25 студзеня 2019 года № 54 "Аб прагназаванні наступстваў прыняцця (выдання) нарматыўных прававых актаў". Ініцыятыва таксама з'яўляецца працягам працы, распачатай МФК у папярэднія гады па ўкараненні АРУ ў Беларусі.

На думку экспертаў МФК, цэнтр павінен стаць сумеснай пляцоўкай бізнесу і ўлады па абмеркаванні канцэпцый і праектаў нарматыўных прававых актаў і ацэнкі іх магчымага ўплыву на дзелавое асяроддзе ў краіне. Чакаецца, што з боку бізнесу да працы цэнтра далучацца прадстаўнікі вядучых дзелавых асацыяцый, з боку рэгулятара — дзяржорганаў, адказных за распрацоўку праектаў нарматыўных прававых актаў.

У планах МФК да канца чэрвеня аказаць Мінэканомікі экспертную дапамогу ў падрыхтоўцы метадычных рэкамендацый для АРУ з улікам перадавога сусветнага вопыту, сумесна з гэтым міністэрствам арганізаваць пілотную АРУ, а таксама правесці трэнінгі для органаў дзяржкіравання і бізнес-супольнасці.

"Уваходжанне ў сілу новай рэдакцыі закона "Аб нарматыўных прававых актах" і інструкцыі па прагназаванні наступстваў прыняцця нарматыўных прававых актаў з'яўляецца важнай вяхой на шляху стварэння ў Беларусі паўнавартаснага інстытута АРУ. Аднак само па сабе з'яўленне названых актаў заканадаўства яшчэ не з'яўляецца гарантыяй поспеху. Усё вызначыць правапрымяняльная практыка", — адзначае кіраўнік прадстаўніцтва МФК у Беларусі Вольга Шчарбіна.

На думку экспертаў, адна з праблем — абмежаваная рэсурсная база бізнес-саюзаў. Паводле розных ацэнках, цяпер яны аб'ядноўваюць не больш за 5% суб'ектаў гаспадарання краіны, у выніку чаго адчуваюць складанасці з фінансаваннем і, адпаведна, з фарміраваннем пула экспертаў, здольных сістэмна займацца АРУ. У тым ліку адкрытым пакуль застаецца пытанне фінансавання працы экспертнага цэнтра ў доўгатэрміновай перспектыве.

"Як паказвае сусветная практыка, міжнародныя донары могуць на пэўным этапе фінансава і кансультацыйна падтрымаць станаўленне інстытута АРУ. МФК мае намер прапрацаваць пытанне прыцягнення такой дапамогі для Беларусі. Аднак, каб прыняць станоўчае рашэнне па падтрымцы, донары павінны бачыць зацікаўленасць, а таксама паўнавартасны ўдзел у развіцці АРУ як з боку дзяржавы, так і з боку бізнесу, дзелавых аб'яднанняў. Пры гэтым у доўгатэрміновым перыядзе бізнес-супольнасць павінна самастойна забяспечыць актыўнае правядзенне АРУ па шырокім коле пытанняў", — лічыць Шчарбіна.

У найбліжэйшыя месяцы магчымыя шляхі падтрымкі экспертнага цэнтра АРУ стануць адной з тэм для абмеркавання МФК з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання і бізнес-саюзамі.

Міжнародная фінансавая карпарацыя — даччыная арганізацыя Сусветнага банка і член групы Сусветнага банка — буйны глабальны інстытут развіцця, які факусуецца на падтрымцы прыватнага сектара ў краінах з развіццём рынку. МФК супрацоўнічае больш чым з 2.000 бізнесаў ва ўсім свеце, выкарыстоўваючы капітал, вопыт і ўплыў, каб ствараць рынкі і новыя магчымасці ў самых складаных рэгіёнах свету. У 2018 фінансавым годзе МФК выдзеліла краінам, якія развіваюцца, больш за 23 мільярды долараў доўгатэрміновага фінансавання, эфектыўна выкарыстоўваючы сілу прыватнага сектара для росту агульнага дабрабыту і ліквідацыі надзвычайнай галечы. У ліку асноўных задач МФК у Беларусі фінансаванне інвестыцыйных праектаў прыватнага сектара эканомікі, а таксама аказанне кансультацыйнай дапамогі ўраду і бізнесу па шырокім спектры пытанняў паляпшэння інвестыцыйнага і дзелавога клімату ў Беларусі.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239