Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/04/995312_12345/
Дата раздрукоўкі: 15.08.2020 17:57
04.03.2019 12:33 Эканоміка, Фінансы

Лукашэнка: Прапановы ЕБРР па ажыццяўленні ў Беларусі прыватызацыі маюць велізарнае значэнне

Мінск, 4 сакавіка. Прапановы і дапамога Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) па ажыццяўленні ў Беларусі працэсаў прыватызацыі маюць велізарнае значэнне, заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка на сустрэчы з прэзідэнтам банка Сумам Чакрабарці.

Беларусь "заўсёды будзе свята выконваць дамоўленасці, якія заключыла з банкам", цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. Беларускі кіраўнік падзякаваў кіраўніцтву ЕБРР за ўвагу, якую банк надае краіне. Дынаміка супрацоўніцтва за мінулы год істотна ўзрасла, інвестыцыі ЕБРР павялічыліся ўдвая, дадаў ён.

Лукашэнка асабліва адзначыў ролю банка ў рэалізацыі важных праектаў, ад якіх у значнай ступені залежыць якасць жыцця людзей. "Асабліва хачу адзначыць тыя праекты, якія звязаныя са сферай жыллёва-камунальнага будаўніцтва, павышэннем якасці пітной вады (гэта для нас вельмі важна), будаўніцтвам дарог, рамонтам мастоў, якія ў нас у многіх населеных пунктах патрабуюць гэтага неадкладна. Гэта жыццёва важныя праекты для нашай дзяржавы", — сказаў афіцыйны лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падтрымка банкам беларускага малога і сярэдняга бізнесу вельмі важная: "Мы з боку дзяржавы не мелі магчымасці ажыццяўляць такую падтрымку. Вы прыйшлі ў Беларусь і падтрымалі нашых прадпрымальнікаў. Гэта вялікі ўнёсак у будучыню Беларусі".

Лукашэнка прапанаваў Чакрабарці правесці запланаванае на 2022 год чарговае пасяджэнне кіруючага савета ЕБРР у Беларусі і паабяцаў арганізаваць яго на самым высокім узроўні.

"Для мяне вялікая радасць і гонар прысутнічаць на гэтай сустрэчы. Гэта ўжо трэцяя наша сустрэча, і я быў бы рады прысутнічаць на такіх сустрэчах значна часцей, паколькі нашы адносіны дэманструюць пастаяннае ўмацаванне і паляпшэнне", — адзначыў у сваю чаргу прэзідэнт ЕБРР.

"Летась інвестыцыі "ўзняліся" і дасягнулі амаль 400 млн долараў, — паведаміў Чакрабарці. — Гэта выдатны паказчык. Беларусь на сённяшні дзень знаходзіцца ў дзясятцы лідараў, з якімі мы працуем. Аднак мэта заключаецца ў тым, каб Беларусь увайшла ў пяцёрку лідараў у найбліжэйшыя гады".

ЕБРР — шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 эканоміках на трох кантынентах. Акцыянерамі банка з'яўляюцца 67 краін, а таксама ЕС і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. У цэлым з пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвеставаў больш за 2,4 млрд еўра ў 115 праектаў у розных галінах эканомікі.

Дзейная краінавая стратэгія банка па Беларусі працуе з 2016 года. У дакуменце адзначаецца, што ў сувязі са зменамі ў рэгіянальным геапалітычным становішчы Беларусь стала дэманстраваць вялікую адкрытасць на міжнародным узроўні і вялікую гатоўнасць да абмеркавання палітычнай сітуацыі ўнутры краіны, у тым ліку пытанняў, звязаных з выкананнем правоў чалавека. Гэтыя пазітыўныя змены, а таксама рэакцыя на іх міжнароднай супольнасці "стварылі новы палітычны кантэкст для дзейнасці ЕБРР" у Беларусі і "адкрылі магчымасці для больш актыўнага ўзаемадзеяння з беларускімі ўладамі".

ЕБРР удзельнічае ў шэрагу буйных праектаў, сярод якіх — прыватызацыя "Белінвестбанка", праект па прыцягненні замежных інвестараў да рэканструкцыі трасы М10 і іншыя.

У папярэдні раз Чакрабарці наведваў Мінск у верасні 2017 года.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239