Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/06/995671_995672/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2020 15:25
06.03.2019 14:00 Грамадства, Культура

Павел Латушка прызначаны генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра

Мінск, 6 сакавіка. Былы міністр культуры і пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка 6 сакавіка прызначаны генеральным дырэктарам сталічнага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

"Сёння, 6 сакавіка, падпісаны загад аб яго прызначэнні, таму можна казаць, што ён ужо генеральны дырэктар, — паведаміла БелаПАН спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Купалаўскага тэатра Паліна Крышчановіч. — Ужо сёння міністр культуры афіцыйна прадставіў яго калектыву тэатра".

На пасадзе гендырэктара Купалаўскага тэатра Латушка змяніў Паўла Палякова, які звольніўся ў канцы мінулага года.

Павел Латушка нарадзіўся 10 лютага 1973 года ў Мінску. У структуры МЗС працуе з 1995 года. У розны час займаў пасады аташэ дагаворна-прававога ўпраўлення, прэс-сакратара, віцэ-консула, а затым консула генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку (Польшча), пасла Беларусі ў Польшчы.

У чэрвені 2009 года Латушка стаў міністрам культуры Беларусі і прабыў на гэтай пасадзе тры з паловай гады.

З лістапада 2012 па студзень 2019 года быў паслом у Францыі і прадстаўніком Беларусі ў ЮНЕСКА. Прызначаючы Латушку на гэтую пасаду, Лукашэнка сцвярджаў, што той сам выказаў жаданне вярнуцца на дыпламатычную працу. "Тут інсінуацый быць не павінна. Я Паўла Паўлавіча ні ў якім разе не выганяю з пасады міністра культуры, ён нядрэнны міністр. Але гэта яго жаданне. Я лічу, што чалавек мае права на сваю думку, пажаданні, а я, як кіраўнік дзяржавы, павінен старацца дзейнічаць у гэтым ключы, задавальняючы, калі магчыма, гэтыя жаданні. Гэта мая прынцыповая пазіцыя", — казаў Лукашэнка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239