Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/11/995963_225588/
Дата раздрукоўкі: 05.03.2021 09:37
11.03.2019 09:39 Грамадства, Эканоміка

Качанава: Адміністрацыя прэзідэнта разбіраецца ў праблеме бізнесмена, пра якую эканаміст Раманчук расказаў падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам"

Мінск, 11 сакавіка. Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі разбіраецца ў праблеме бізнесмена Сяргея Тарасюка, пра якую эканаміст Яраслаў Раманчук сказаў 1 сакавіка падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам", паведаміла кіраўнік адміністрацыі Наталля Качанава ў інтэрв'ю нядзельнай праграме "Тыдзень" на тэлеканале СТВ.

На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Раманчук расказаў, як "бізнесмен сярэдняй рукі за свае грошы пабудаваў корты, стварыў інфраструктуру, вучыць дзяцей, а яго рашэннем Мінгарвыканкама пазбаўляюць права валодаць аб'ектамі нерухомасці і загадваюць разбурыць пабудаванае". Такое рашэнне было прынятае ў сувязі з "канфліктам сталічнай адміністрацыі з іншай арганізацыяй". "Вось корты яго, вось дзеці яго, вось інфраструктура. Ён кажа: я гатовы акадэмію тэніса пабудаваць за свае грошы, а чыноўнікі перашкаджаюць", — заявіў Раманчук.

Лукашэнка назваў гэта "жахлівым прыкладам", але не да канца паверыў у сказанае. Ён даручыў сваёй адміністрацыі разабрацца ў сітуацыі. "Калі гэта так, як ты выклаў, разборкі будуць вельмі жорсткія. Але я не веру, што гэта менавіта так было, як ты кажаш", — заявіў ён Раманчуку.

Тыдзень таму Тарасюк дэталёва абмеркаваў з Качанавай праблемы свайго бізнесу, і кіраўнік адміністрацыі паабяцала разабрацца ў яго канфлікце з мясцовымі ўладамі.

У інтэрв'ю тэлеканалу СТВ Качанава заявіла, што адна з асноўных функцый Адміністрацыі прэзідэнта заключаецца ў кантролі за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы, таму там "адразу пачалі" разгляд праблемных пытанняў, узнятых падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам".

"Што да прыватных пытанняў, пра якія сказалі вы, то, сапраўды, мы ўжо сустрэліся [з Тарасюком] у адміністрацыі, перагаварылі па гэтых даручэннях, якія былі дадзеныя, — сказала Качанава. — Мы будзем разбірацца, таму што ў кожным пытанні спяшацца не трэба — трэба ўважліва вывучыць тую сітуацыю, якая складвалася ў той час, чаму былі прынятыя такія рашэнні. Там сапраўды ёсць пытанні у бізнесмена да мясцовых органаў улады. Але мы пачулі адзін бок, трэба пачуць і другі, паглядзець. Зараз дадзенае даручэнне, мы разбіраемся па ўсіх гэтых пытаннях, падымаем дакументы для таго, каб гэта была праўда — так, як павінна быць".

Гісторыя канфлікту бізнесмена Тарасюка з уладамі Мінска падрабязна выкладзеная ў матэрыяле інтэрнэт-газеты БелаПАН Naviny.by.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239