Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/14/996456_445582/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 07:01
14.03.2019 10:04 Палітыка, Грамадства

Дзярждэпартамент ЗША: У Беларусі не прымаюць меры для пакарання вінаватых у парушэннях правоў чалавека

Мінск, 14 сакавіка. У Беларусі на ўсіх узроўнях улады не прымаюцца меры для пакарання службовых асоб, вінаватых у парушэннях правоў чалавека, гаворыцца ў штогадовым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце.

Даклад прэзентаваў 13 сакавіка дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа. У раздзеле, прысвечаным Беларусі, зазначаецца, гэта аўтарытарная дзяржава, дзе ўся ўлада сканцэнтраваная ў руках прэзідэнта. Прэм'ер-міністр, прызначаны прэзідэнтам, з'яўляецца намінальным кіраўніком урада.

"Грамадзяне не маглі выбраць свой урад шляхам свабодных і справядлівых выбараў. З моманту свайго абрання на пасаду прэзідэнта ў 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка ўмацаваў сваю ўладу над усімі інстытутамі і падарваў вяршэнства закона аўтарытарнымі сродкамі, уключаючы маніпуляцыю выбарамі і адвольныя ўказы. Усе наступныя прэзідэнцкія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам. Парламенцкія выбары 2016 года таксама не адпавядалі міжнародным стандартам", — гаворыцца ў дакладзе.

Сярод парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі аўтары даклада называюць: катаванні, адвольныя затрыманні і арышты; небяспечныя для жыцця ўмовы ўтрымання ў турмах; адвольнае або незаконнае ўмяшанне ў асабістае жыццё; неапраўданае абмежаванне свабоды слова і інтэрнэту, у тым ліку цэнзуру, блакаванне сайтаў, крымінальную адказнасць за паклёп і абразу службовых асоб; насілле пры затрыманні журналістаў; жорсткія абмежаванні свабоды сходаў і асацыяцый. Таксама згадваюцца: абмежаванні свабоды перамяшчэння, у прыватнасці для былых палітвязняў, чые грамадзянскія правы застаюцца ў значнай меры ушчэмленымі; карупцыя ва ўсіх галінах улады; гандаль людзьмі; няздольнасць уладаў растлумачыць выпадкі палітычна матываваных знікненняў, якія адбыліся ў мінулым. У дакладзе адзначаецца, што на жанчын з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама жанчын, якім дыягнаставалі верагоднасць парушэнняў у развіцці плода, лекары націскалі, прымушаючы рабіць аборты.

У дакуменце гаворыцца, што супрацоўнікі КДБ, АМАП і іншых сілавых ведамстваў, часта без пасведчанняў асобы і ў цывільным, збівалі затрыманых. "Праваабаронцы, лідары апазіцыі і актывісты, вызваленыя з месцаў утрымання пад вартай, паведамлялі аб жорсткім абыходжанні і іншых формах фізічнага і псіхалагічнага гвалту над падазраванымі падчас крымінальных і адміністрацыйных расследаванняў", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Згадваецца праблема нестатутных адносінаў у арміі і справа 21-гадовага Аляксандра Коржыча, які быў знойдзены павешаным у вайсковай часці пад Барысавам. "Мінскі абласны суд прыгаварыў трох былых сяржантаў да дзевяці, сямі і шасці гадоў турэмнага зняволення адпаведна за давядзенне Коржыча да самагубства. На судзе сяржанты сцвярджалі, што следчыя прымушалі іх даваць паказанні і прызнаць абвінавачанні", — адзначаецца ў дакладзе.

Дзярждэпартамент таксама заўважае, што беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі двух чалавек — Дзмітрыя Паліенку (ужо выйшаў на волю. — БелаПАН.) і Міхаіла Жамчужнага.

У дакладзе згадваецца "справа БелТА". "Назіральнікі адзначалі, што маштаб следчых дзеянняў і абвінавачанні былі неадпаведныя меркаванаму злачынству, таму што навіны з платнай падпіскі БелТА, у незаконным доступе да якіх абвінавачвалі журналістаў, хутка з'яўляліся і ў адкрытым доступе", — адзначаюць аўтары.

У дакуменце пазначана, што ўлады адмаўляюць у акрэдытацыі тэлеканалу "Белсат" і "Радыё Рацыя", якія вяшчаюць з Польшчы. Пры гэтым журналістаў, якія супрацоўнічаюць з гэтымі СМІ, рэгулярна штрафуюць за працу без акрэдытацыі.

Тэкст даклада апублікаваны на сайце Дзярждэпартамента ЗША.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН