Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/14/996532_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 10:00
14.03.2019 16:14 Палітыка

Пасол РФ: Усім даўно хацелася б зразумець, хто замахваецца на беларускі суверэнітэт

Мінск, 14 сакавіка. Ніхто ніколі не прапаноўваў Беларусі ўвайсці ў склад Расійскай Федэрацыі, заявіў пасол Расіі Міхаіл Бабіч у інтэрв`ю РІА Новости, апублікаваным 14 сакавіка.

"Наадварот, прэзідэнт РФ неаднаразова, і публічна, і ў асабістых размовах з прэзідэнтам Беларусі давёў сваю пазіцыю: Расія выступае выключна за двухбаковае ўзаемавыгаднае развіццё Саюзнай дзяржавы, калі гэтага хочуць нашы беларускія сябры. Калі не хочуць — можам развіваць любы іншы інтэграцыйны фармат адносінаў", — дадаў Бабіч.

На рэпліку аб тым, што Аляксандр Лукашэнка катэгарычна настойвае на захаванні суверэнітэту, пасол адказаў: "У гэтай сувязі па пытанні аб абароне суверэнітэту ўсім, мне здаецца, даўно хацелася б зразумець: хто замахваецца на беларускі суверэнітэт і ад каго яго хочуць абараніць? Калі гэта пагроза з Захаду, па аналогіі з вядомымі "каляровымі" рэвалюцыямі і дзяржаўнымі пераваротамі, то Расійская Федэрацыя як саюзнік, калі паступіць такая просьба, будзе разам з Беларуссю адстойваць гэты суверэнітэт усімі даступнымі сродкамі. Калі гэта намёкі на Расію, то гэта зусім не па-партнёрску. І нават калі гэта ўсяго толькі выбарчая тэхналогія пад назвай "мабілізацыя электарату шляхам фарміравання вобразу ворага", наўрад ці разумна такую тэхналогію рэалізоўваць за кошт стасункаў з найбліжэйшым саюзнікам і братнім народам".

Бабіч падкрэсліў, што Расія такога стаўлення не заслужыла.

На пытанне, ці павінна трансфармацыя Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі праходзіць ужо пасля кампаніі па выбарах прэзідэнта ў Беларусі, Бабіч адказаў, што калі саюз развіваць далей, то рабіць гэта трэба як мага хутчэй. "Для гэтага ёсць вельмі істотныя як эканамічныя, так і палітычныя прычыны. А для выбарчай кампаніі гэты працэс можа стаць наймагутным мабілізуючым і ідэалагічным фактарам, бо абсалютная большасць грамадзян Беларусі хацелі б больш глыбокай і доўгатэрміновай эканамічнай інтэграцыі з Расіяй", — цытуе пасла РФ РІА Новости.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН