Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/14/996535_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.03.2019 11:44
14.03.2019 17:40 Палітыка, Эканоміка

Бабіч: Расія задаволеная тым, як развіваецца еўразійская інтэграцыя

Мінск, 14 сакавіка. Крытыка еўразійскай інтэграцыі, якая гучыць з беларускага боку, — "гэта ўсё ж такі добрая крытыка, звязаная перш за ўсё з жаданнем захаваць унікальны фармат Саюзнай дзяржавы", заявіў пасол РФ Міхаіл Бабіч у інтэрв`ю РІА Новости, якое апублікаванае 14 сакавіка.

"Не здзіўляйцеся. Еўразійскі эканамічны саюз, хоць яму ўсяго пяць гадоў, сапраўды паказвае высокую дынаміку ў сваім развіцці, — адзначыў Бабіч. — У адрозненне ад Саюзнай дзяржавы, у ім сфармаваныя наднацыянальныя органы кіравання, ёсць Эканамічны суд, ЕАЭС валодае міжнароднай правасуб`ектнасцю. Шэраг эканамічных паўнамоцтваў і прэферэнцый, якія раней былі закладзеныя ў Саюзны дагавор, вынесеныя на пляцоўку ЕАЭС і паспяхова рэалізуюцца ўжо ў рамках "еўразійскай пяцёркі". Не лішнім было б нагадаць і тое, што менавіта Еўразійскі банк выдаў 1,8 мільярда долараў ільготнага крэдыту на праграму рэформаў Беларусі".

"Мы, безумоўна, задаволеныя тым, як развіваецца еўразійскі фармат, зразумела, што не без шурпатасцяў, але з астатнімі партнёрамі мы практычна па ўсіх пытаннях знаходзім неабходныя рашэнні", — дадаў пасол.

У той жа час, лічыць ён, не варта "спрабаваць вырашыць пытанні Саюзнай дзяржавы за кошт нашых еўразійскіх адносін". "Тут не павінна быць месца для канкурэнцыі, пры ўзаемнай волі і жаданні мы можам выбудаваць адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы яшчэ больш выгаднымі і эфектыўнымі. Прынамсі, расійскі бок выступае менавіта за такі падыход", — заявіў Бабіч.

Падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам" 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў адносінах суседніх краін "праблем хапае". Кажучы пра прэтэнзіі Беларусі адносна падатковага манеўру, Лукашэнка падкрэсліў, што калі бакі дамаўляліся аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза, Беларусь не прасіла танныя газ і нафту. "Мы жалезна дамовіліся, што нашы прадпрыемствы будуць працаваць у роўных умовах. Гэта краевугольны камень нашых пагадненняў і дамоўленасцяў, на іншае мы б нават не пайшлі. Які нам інтарэс заключаць пагадненні на шкоду эканоміцы Беларусі?" — сказаў Лукашэнка.

Яшчэ адным праблемным пытаннем у адносінах з Расіяй Лукашэнка назваў цану на газ.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН