Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/14/996537_12345/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 06:26
14.03.2019 17:51 Палітыка, Эканоміка, Фінансы

Рашэнне аб адзінай валюце і канстытуцыі Саюзнай дзяржавы мэтазгодна прымаць у комплексе з астатнімі пытаннямі саюзнага будаўніцтва, лічыць пасол Бабіч

Мінск, 14 сакавіка. Адзіныя валюта і канстытуцыя Саюзнай дзяржавы — усяго толькі элементы саюзнай дамовы, вырываць іх з агульнага кантэксту няма сэнсу, заявіў пасол Расіі Міхаіл Бабіч у інтэрв'ю РІА Новости, якое апублікаванае 14 сакавіка.

"І нават калі гэта зрабіць, то мы не атрымаем належнага выніку, — сказаў ён. — Калі прэзідэнты прымуць рашэнне на далейшае паўнавартаснае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, то мэтазгодна прымаць рашэнні па валюце і канстытуцыі ў комплексе з усімі астатнімі пытаннямі саюзнага будаўніцтва".

Бабіч адзначыў, што Беларусь і Расія ўсе разлікі, якія было можна, ужо перавялі ў рублі. "У той жа час камерцыйныя кампаніі, асабліва тыя, якія прадаюць біржавую прадукцыю, самастойна вызначаюць сваю фінансавую палітыку, з якой вынікаюць і формы плацяжоў паміж імі, — растлумачыў ён. — Калі гэтым камерцыйным структурам па розных прычынах выгадна, напрыклад, ажыццяўляць гандаль з трэцімі краінамі і атрыманнем канчатковых разлікаў у доларах ці еўра, то пераводзіць атрыманую выручку ў рублі для разліку з пастаўшчыкамі з Расіі ці Беларусі не заўсёды мэтазгодна па прычыне дадатковых фінансавых страт пры канвертацыі, розніцы валютных курсаў або цэн на сусветных рынках".

На думку пасла, 80% разлікаў у нацыянальных валютах сведчыць "якраз пра высокі ўзровень фінансавай і эканамічнай інтэграцыі і пра тое, што адзіная валюта і эмісійны цэнтр — гэта ўсё лагічны працяг саюзнага будаўніцтва на сучасным этапе".

Кажучы пра крытыку Мінска ў адрас Расіі з-за бар'ераў у гандлі і няроўных умоў канкурэнцыі на агульным рынку, Бабіч адзначыў: "Вы ведаеце, у спорце ёсць такі тэрмін — звыклы вывіх. Вось такі "вывіх" ужо шмат гадоў у нас адбываецца ў ацэнках асобных кіраўнікоў рэальнага ўкладу Расіі ў развіццё беларускай эканомікі, у тым ліку шляхам адкрыцця сваіх рынкаў для беларускіх тавараў".

На думку Бабіча, "некаму вельмі не хочацца прызнаваць абсалютна відавочныя факты і лічбы". "А яны такія: з 5,13 млрд долараў экспарту беларускай сельгаспрадукцыі, якім так ганарацца нашы сябры, 4,1 млрд прыпадае на РФ, гэта значыць 80%. Што да малака, ад усяго экспарту Беларусі у 2018 годзе гэта 85%, масла — 72%, сыру і тварагу — 84%, — сказаў Бабіч. — Да прыкладу, на Кітай прыпадае ўсяго 74 млн долараў паставак сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі, а на ЕС — 216 млн долараў. Не ведаю, ці існуюць яшчэ больш пераканаўчыя аргументы, як у Расіі ставяцца да Беларусі і да простых беларускіх працаўнікоў, якія сваёй працай ствараюць вельмі якасную і карысную прадукцыю?"

Бабіч падкрэсліў, што калі Беларусь і Расія будуць будаваць Саюзную дзяржаву, прадмет спрэчкі знікне ў прынцыпе, як і па астатніх пытаннях эканамічнай інтэграцыі. "У гэтым выпадку не будзе рынку Расіі або рынку Беларусі, а будзе адзіны рынак Саюзнай дзяржавы і адзіная прамысловая і гандлёвая палітыка на рынках трэціх краін", — адзначыў ён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН