Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/14/996563_996564/
Дата раздрукоўкі: 23.03.2019 12:17
14.03.2019 18:02 Палітыка, Грамадства

Наталля Качанава: Мы строга адсочваем працу па зваротах грамадзян, якія паступілі напярэдадні "Вялікай размовы з прэзідэнтам"

Мінск, 14 сакавіка. Адміністрацыя кіраўніка дзяржавы працуе над зваротамі грамадзян, якія паступілі напярэдадні "Вялікай размовы з прэзідэнтам" 1 сакавіка.

"Усё гэта знаходзіцца ў нас на кантролі, адпрацоўваецца, і мы строга адсочваем тэрміны выканання і, вядома, якасць. Па меры выканання даручэнняў або рашэння нейкіх задач людзі будуць інфармаваныя праз СМІ", — заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, каментуючы журналістам сваю сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам 14 сакавіка.

Як паведамлялася раней, прымаючы Качанаву з дакладам, Лукашэнка даручыў ёй разгледзець пытанні, якія паступілі ад грамадзян. "Калі 3 тысячы пытанняў ад людзей паступіла напярэдадні маіх зносін з экспертнай супольнасцю, значыць, 3 тысячы павінны быць разгледжаны. Дзесьці даручылі. Потым пераправерыць трэба ўсё роўна. Мы не павінны паказаць людзям, што паслухалі іх і забылі, — мы павінны паказаць , што рэагуем на іх запыты", — сказаў ён.

У каментары журналістам Качанава падкрэсліла: даручэнні кіраўніка дзяржавы павінны выконвацца незалежна ад таго, будуць выбары ці не. "Абяцанні павінны выконвацца заўсёды, ці гэта электаральны, ці гэта звычайны год. Калі кіраўнік даў абяцанне, яно павінна быць выканана, людзей падманваць нельга. Гэта галоўны тэзіс, які заўсёды кажа прэзідэнт нашай краіны. Трэба проста адказна працаваць, і тады ўсё праходзіць вельмі зладжана, выразна і зразумела", — сказала яна.

Качанава таксама закранула пытанне аб падрыхтоўцы паслання прэзідэнта народу і парламенту, якое традыцыйна чакаецца ў красавіку. "Цяпер адпрацоўваецца гэты дакумент. Нам у гэтым годзе, з аднаго боку, проста адпрацоўваць, таму што ўсе акцэнты расстаўленыя прэзідэнтам, праведзена вялікая колькасць рознага ўзроўню нарад па асноўных відах дзейнасці, прынятыя дырэктывы. Цяпер гэта ўсё трэба акумуляваць, і пасланне павінна быць такім сцвярджальным", — цытуе Качанаву прэс-служба прэзідэнта.

Акрамя таго, паводле яе слоў, падчас даклада ўздымалася пытанне інфармацыйнай бяспекі. "Гэта (канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. — БелаПАН.) нядаўна абмяркоўвалася на пасяджэнні Савета бяспекі. Таму мы далажылі пра тую сістэму, якая сёння створана ў адміністрацыі, і пра тую працу, якая праводзіцца ў нас. Праца СМІ — гэта таксама пытанні, якімі займаецца, у прыватнасці, Адміністрацыя прэзідэнта", — дадала Качанава.

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН