Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/14/996595_996596/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 06:59
14.03.2019 18:54 Грамадства

На вуліцы Сердзіча ў Мінску выяўлена пяць кілаграмаў радыеактыўных рэчываў

Мінск, 14 сакавіка. На вуліцы Данілы Сердзіча ў Мінску 14 сакавіка выяўлена пяць кілаграмаў радыеактыўных рэчываў.

Як паведамляе прэс-служба МНС, у 11.16 на нумар 101 ад інжынера ЖЭУ паступіла паведамленне аб падазроных прадметах са знакам "Небяспечна. Радыеактыўныя рэчывы або іанізуючае выпраменьванне", выяўленых на кантэйнернай пляцоўцы ў Мінску на вуліцы Сердзіча. На месца здарэння выехаў аўтамабіль хімічнай і радыяцыйнай абароны Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС, а таксама следча-аператыўная група.

Ратавальнікі на кантэйнернай пляцоўцы для смецця выявілі пластыкавае вядро белага колеру са шклянымі і пластыкавымі ёмістасцямі ўнутры, на якіх былі нанесеныя знакі "Небяспечна. Радыеактыўныя рэчывы або іанізуючае выпраменьванне".

Ратавальнікі агарадзілі месца здарэння. Папярэднія замеры паказалі перавышэнне радыяцыйнага фону на адлегласці за адзін метр ад ёмістасцяў у чатыры разы. За два метры ад іх радыяцыйны фон не перавышаў норму.

Усяго пры абследаванні месца складавання смецця былі выяўленыя пяць ёмістасцяў з парашкападобнымі рэчывамі: дзве банкі ўранілу хлорыстага, адна банка ўранілу азотнакіслага, адна банка ўранілу сернакіслага і адна банка ўранілу трохкіслага. У выяўленых ёмістасцях у агульнай складанасці знаходзілася пяць кілаграмаў радыеактыўных рэчываў.

Пасля канфіскацыі ёмістасцяў зноў быў праведзены замер радыяцыі на кантэйнернай пляцоўцы — радыяцыйны фон быў у норме. Для ўстанаўлення выяўленых рэчываў гэтыя ёмістасці аўтатранспартам УП "Экарэс" дастаўлены ў дзяржаўную навуковую ўстанову "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны".

У ходзе праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС Мінска ўстанавілі, што гэтыя радыеактыўныя рэчывы належалі мінчанцы 1939 года нараджэння, якая памерла ў 2016 годзе, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама. Жанчына раней працавала на хімічным факультэце адной са сталічных ВНУ. Напярэдадні яе ўнучка вырашыла навесці парадак у кватэры, у якой раней пражывала жанчына, і вынесла на смеццевую пляцоўку ёмістасці з рэчывам невядомага ёй паходжання.

Па гэтым факце праводзіцца праверка.

Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН