Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/14/996621_996622/
Дата раздрукоўкі: 27.05.2019 06:22
14.03.2019 21:14 Грамадства

СК расследуе шэраг крымінальных спраў аб вырабе і распаўсюджванні дзіцячай парнаграфіі, а таксама сексуальным гвалце над малалетнімі

Мінск, 14 сакавіка. Следчы камітэт расследуе шэраг крымінальных спраў аб вырабе і распаўсюджванні дзіцячай парнаграфіі, а таксама сексуальным гвалце над малалетнімі.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў, у чэрвені 2018 года да супрацоўнікаў галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС патрапілі фатаграфіі і відэаролікі са сцэнамі сексуальнага гвалту над дзвюма маленькімі дзяўчынкамі. Порнапрадукцыя была пазначаная нікнэймам, пад якім аўтар відэа наведваў адпаведныя закрытыя чаты і сеткі.

Спецыялісты па некаторых дэталях і кадрах (банкнота, пакет з сеткавай крамы, чырвоны аўтамабіль з наклейкай тэхагляду і мясцовымі нумарамі, зафарбаванымі ў фотарэдактары) вызначылі, што здымкі вяліся ў Беларусі. Гэтыя зачэпкі дапамаглі міліцыі за тры тыдні адшукаць і затрымаць падазраванага, які каля 20 гадоў здзяйсняў злачынствы супраць палавой недатыкальнасці дзяцей, паведамляе міліцэйскае ведамства.

Паводле інфармацыі МУС, у 1998 годзе студэнт-праграміст адной з беларускіх ВНУ захапіўся калекцыянаваннем і распаўсюджваннем дзіцячай парнаграфіі: гандляваў ёю як на фізічных носьбітах, так і праз інтэрнэт. Затым вырашыў сам ажыццяўляць убачанае і здымаць гэта на камеру. Як расказаў начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Уладзімір Алюшкевіч, спачатку ахвярамі маладога чалавека станавіліся дзеці сяброў і знаёмых. Бацькі пацярпелых давяралі юнаку і пакідалі малых з ім сам-насам. "Ён дзейнічаў настолькі дзёрзка, што часам здзяйсняў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару з непаўналетнімі, у той час як іх родныя знаходзіліся ў суседнім пакоі", — расказаў прадстаўнік МУС.

Пасля заканчэння ВНУ мужчына зарабляў на жыццё толькі ў інтэрнэце: асноўны даход яму прыносіў продаж парнаграфічных матэрыялаў, у тым ліку ўласнай вытворчасці. "У пачатку 2000-х гадоў ён вырашыў пашырыць геаграфію сваіх злачынстваў і разам са знаёмым з ЗША адправіўся ў Камбоджу, — працягнуў Алюшкевіч. — Там у адной з устаноў яны гвалтавалі дзяцей і здымалі гэта на відэа. Для амерыканца секс-турнэ абярнулася турэмным тэрмінам на 30 гадоў. Беларус тады ніякай адказнасці не панёс".

У 2011 годзе ён пераехаў ва Украіну, дзе праз нейкі час быў прыгавораны да пазбаўлення волі за распаўсюджванне парнаграфіі. Адбыўшы пакаранне, мужчына вярнуўся ў Беларусь і актывізаваў кантакты з педафіламі з іншых краін, паведамляе МУС. Таксама ён стварыў дзясятак фэйкавых акаўнтаў у сацсетках, з якіх перапісваўся са школьніцамі, прапаноўваючы ўступіць у інтымныя адносіны за грошы.

"У 2015 годзе мужчына пазнаёміўся з дзвюма сёстрамі з Наваполацка. Кожная выхоўвала дачку. Дзяўчынкам было 2 і 4 гады. Неўзабаве ён пачаў жыць сумесна з адной з маці. Тады ж арганізаваў хатнюю парнастудыю, — паведамляе МУС. — На працягу трох гадоў ён сістэматычна гвалтаваў дзяцей, фіксаваў гэта на відэа і прадаваў ролікі па 30 долараў у закрытых сетках. Акрамя таго, мужчына ладзіў секс-туры для педафілаў-замежнікаў. За здзек з дзіцяці ён прасіў ад 2 да 3 тыс. еўра і нават дапамагаў "гасцям" вырабляць парнаграфічныя матэрыялы падчас такіх візітаў".

Жанчыны ведалі пра тое, што адбываецца, і атрымлівалі за гэта грошы. Акрамя таго, яны самі здзяйснялі сексуальныя злачынствы ў дачыненні да дачок, здымалі ўсё на відэа і распаўсюджвалі ролікі праз інтэрнэт.

Мужчына і яго саўдзельніцы затрыманыя, паведамляе МУС. Галоўным следчым упраўленнем СК у дачыненні да іх распачаты шэраг крымінальных спраў. Ва ўзаемадзеянні з Інтэрполам адпрацоўваюцца замежныя памагатыя беларуса. Расследаванне працягваецца.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН