Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/18/996989_587112/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 01:31
18.03.2019 16:24 Грамадства, Палітыка

Улады адмовілі ў святкаванні Дня Волі ў цэнтры Мінска

Мінск, 18 сакавіка. Арганізатары Дня Волі ў Мінску атрымалі адмову ў правядзенні 24 сакавіка масавага мерапрыемства ў цэнтры горада.

"Сёння была атрыманая канчатковая адмова па ўсіх вартых пляцоўках для святкавання Дня Волі 2019. Мы, арганізатары БНР100, да апошняга намагаліся, каб беларусы зноў маглі годна адсвяткаваць 101-годдзе БНР, як і ў мінулым годзе, — вялікай імпрэзай. Але паўгода перамоў, спробаў знайсці кампраміс не дапамаглі", — гаворыцца ў заяве на сайце аргкамітэта.

Заяўка на правядзенне шэсця і мітынгу-канцэрта ля Палаца спорту або на плошчы Свабоды 24 сакавіка была накіраваная 4 сакавіка, пасля таго як гарадскія ўлады адмовілі ў правядзенні ўрачыстасці на стадыёне "Дынама". Арганізатары святкавання 100-годдзя БНР, у сваю чаргу, адмовіліся ад прапанаваных уладамі варыянтаў — плошчы Бангалор і іншых аддаленых пляцовак. 

"Перыферыйныя пляцоўкі тыпу Бангалор былі створаныя для лакалізацыі малаколькасных палітычных пратэстаў. Нацыянальныя святы вартыя месцаў у цэнтры горада. Пляцоўка тэхнічна не ўмяшчае больш за 3.000 чалавек. Гэта проста небяспечна, калі людзей будзе больш. Раней на акцыі збіраліся некалькі тысяч чалавек, іх пад канвоем адпраўлялі на Бангалор, а сотні тысяч сачылі за падзеямі анлайн. Але нас стала больш. Для параўнання, у 2018 годзе на пляцоўцы каля опернага адначасова было больш за 11.000 чалавек, а ўсяго за дзень прайшлі праз усе ўваходы — каля 50.000", — адзначаюць арганізатары. 

У якасці альтэрнатыўных варыянтаў святкавання яны прапануюць далучыцца да ўдзельнікаў мітынгу ў Каложскім парку ў Гродне 23 сакавіка з 13.00 да 17.00, які дазволены ўладамі. Акрамя таго, прапануецца варыянт "дэцэнтралізаванага святкавання" — вывесіць нацыянальную сімволіку ў сябе дома, запусціць 25 сакавіка ў 21.00 піратэхніку. 

Тым часам на разглядзе Мінгарвыканкама ўсё яшчэ знаходзіцца зварот актывістаў правацэнтрысцкай кааліцыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) з просьбай дазволіць устаноўку памятнай шыльды, прысвечанай 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, і арганізаваць 25 сакавіка з гэтай нагоды цырымонію з мітынгам. Раней правацэнтрыстам было адмоўленае ў правядзенні мітынгу каля опернага тэатра. 

У 2018 годзе святочныя мерапрыемствы ля опернага тэатра ў гонар 100-годдзя абвяшчэння БНР, паводле ацэнак арганізатараў, сабралі да 50 тысяч чалавек.

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239