Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/23/997785_774412/
Дата раздрукоўкі: 13.08.2020 16:43
23.03.2019 17:35 Грамадства

У Гродне адзначылі Дзень Волі

Гродна, 23 сакавіка. Некалькі тысяч чалавек адсвяткавалі Дзень Волі — 101-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі — у Каложскім парку Гродна.

Мітынг і канцэрт былі санкцыянаваныя гродзенскімі ўладамі. Арганізатарамі выступілі мясцовыя актывісты пры падтрымцы аднадумцаў з усёй Беларусі, культурнай пляцоўкі "Арт Сядзіба" і Партыі БНФ. Перанесці святкаванне Дня Волі ў Гродна было вырашанае пасля таго, як улады Мінска адмовілі ў правядзенні мітынгу-канцэрта ў трох месцах — на стадыёне "Дынама", плошчы Свабоды і каля Палаца спорту.

Як падкрэсліў, выступаючы на мітынгу, гісторык Аляксандр Краўцэвіч, у Гродне не менш, чым у Мінску, адрасоў, звязаных з БНР, бо менавіта гэты горад стаў другой сталіцай БНР, куды ўрад незалежнай рэспублікі пераехаў на некалькі месяцаў у 1918 годзе.

На сённяшнім канцэрце ў Каложскім парку выступілі папулярныя гурты і выканаўцы: NizKiz, Зміцер Вайцюшкевіч, "Крама", "Дай дарогу!", Лявон Вольскі, Dzieciuki. Іх выступленні перамяжоўваліся кароткімі прамовамі грамадскіх дзеячаў, гісторыкаў.

Прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць памерлых летась вядомых беларусаў: Алеся Ліпая — паэта, журналіста, заснавальніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, аднаго з галоўных спонсараў святкавання 100-годдзя БНР; Міхала Анемпадыстава — дызайнера, паэта, даследчыка беларускай культуры; Аляксандра Кулінковіча — музыканта, лідара рок-гурту "Нейра Дзюбель". "А таксама ўсіх, хто не шкадаваў свайго жыцця для нашай краіны", — заявіў вядучы Аляксандр Памідораў.

Канцэрт завяршыўся прыблізна ў 17.00 выступам гурту Dzieciuki. Затым на сцэну падняліся арганізатары. Сузаснавальнік культурнай пляцоўкі "Арт Сядзіба" Павел Белавус падзякаваў усім, хто прыйшоў у Каложскі парк. Ён адзначыў, што мітынг-канцэрт у Гродне ўдалося падрыхтаваць ўсяго за пяць дзён. "Нягледзячы ні на што, мы мабілізаваліся і разам арганізавалі такое вялікае гарадское свята", — сказаў ён.

Паводле слоў Белавуса, сёлета святкаванне гадавіны БНР расцягнулася на цэлыя тры дні — 23, 24 і 25 сакавіка. 24 сакавіка на ўрачыстасць збяруцца ў Кіеўскім скверы Мінска, а 25-га, непасрэдна ў гадавіну, беларусы, паводле яго слоў, могуць адзначыць Дзень Волі так, як дазволіць ім ўласная смеласць. Напрыклад, сказаў Белавус, у гэты дзень кожны можа вывесіць бел-чырвона-белыя сцягі на сваіх вокнах, у дамах і офісах. Можна таксама пайсці за прыкладам амерыканцаў і жыхароў іншых краін, якія ў Дзень незалежнасці адначасова запускаюць ўвечары святочныя феерверкі. Белавус прапанаваў зрабіць гэта ў 21.00, "каб Дзень Волі стаў сапраўдным народным святам". Ён таксама заклікаў працягнуць збор сродкаў на аплату арганізацыі канцэртаў у Гродне і Мінску.

Заўтра святкаванне Дня Волі ў Кіеўскім скверы Мінска пачнецца ў 13.00. Удзельнікаў чакаюць мітынг і канцэрт, на якім плануецца выступ гуртоў "Дай дарогу!", "Р.С.П.", N.R.M., "Няхай", КаS, "Водар" і іншых. Падчас мерапрыемства пройдзе збор подпісаў пад рэзалюцыяй ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Арганізацыяй свята ў сталіцы займаюцца рух "За Свабоду", Аб'яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя".

Гадавіну абвяшчэння БНР адзначаюць і ў іншых гарадах Беларусі — Віцебску, Гомелі, Магілёве.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239