Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/26/998057_12345/
Дата раздрукоўкі: 29.09.2020 17:41
26.03.2019 11:49 Палітыка, Грамадства

Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае ўлады спыніць затрыманне ўдзельнікаў мірных акцый

Мінск, 26 сакавіка. Беларускі ПЭН-цэнтр заклікаў улады вызваліць грамадзян, затрыманых падчас святкавання Дня Волі, і спыніць затрыманне ўдзельнікаў мірных акцый. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце аб'яднання.

Беларускі ПЭН-цэнтр адзначае, што 25 сакавіка ў Мінску было парушана права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання. Літаратурнае аб'яднанне асуджае затрыманне літаратараў, музыкаў і іншых удзельнікаў мірнай акцыі.

Увечары 25 сакавіка ў Мінску было затрымана 15 чалавек, якія выйшлі ў цэнтр горада, каб адзначыць 101-ю гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Вядомыя беларускія музыканты Павел Аракелян, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і Ігар Варашкевіч збіраліся даць бясплатны канцэрт у пешаходнай зоне, на скрыжаванні вуліц Камсамольская і Рэвалюцыйная. Іх затрымала міліцыя без тлумачэння прычын. Сярод затрыманых таксама былі апазіцыйныя палітыкі Мікалай Казлоў і Віталь Рымашэўскі.

Паводле звестак праваабаронцаў, у дачыненні да затрыманых склалі пратаколы аб затрыманні і правядзенні прафілактычнай гутаркі, праз некалькі гадзін яны былі адпушчаныя.

У ізалятары часовага ўтрымання на дадзены момант застаецца Алена Талстая, якая ўчора прыкавала сябе ланцугом да слупа на Кастрычніцкай плошчы. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у знак пратэсту актывістка абвясціла ў ІЧУ галадоўку.

Пад вартай таксама застаюцца актывісты апазіцыі Зміцер Дашкевіч і Наталля Гарачка-Басалыга, якія былі затрыманыя ў Мінску 24 сакавіка. Чакалася, што іх асудзяць 25 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінску, аднак гэтага не адбылося. Не выключана, што судовыя працэсы пройдуць сёння.

У судзе Мінскага раёна таксама павінны судзіць абаронцу Курапатаў Дзяніса Урбановіча, затрыманага вечарам 25 сакавіка каля рэстарана "Паедзем паядзім".

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239