Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/26/998088_998089/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 01:13
26.03.2019 13:34 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка: Мы не можам кінуць стратныя гаспадаркі і людзей, якія там працуюць

Мінск, 26 сакавіка. У Беларусі дзяржава не мае намеру кідаць стратныя сельгаспрадпрыемствы, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 26 сакавіка малочнатаварны комплекс "Сліжы" прадпрыемства "Амкадор Шклоў" са структуры аграхолдынгу "Купалаўскае" (Магілёўская вобласць).

Паводле слоў Лукашэнкі, у прэсе, асабліва ў расійскай, яго паездкі па сельгаспрадпрыемствах "тлумачаць тым, што праца па развіцці галіны не дала чаканых вынікаў і трэба прымаць новыя рашэнні".

"Трэба разумець, што без гэтых стратных гаспадарак мы лёгка можам жыць і працаваць, таму што частка мадэрнізаванай сельскай гаспадаркі дае нам поўнае спажыванне малака ўнутры краіны і на экспарт, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Таму мы без тых 20—25% слабых гаспадарак, якія ў нас яшчэ ёсць, наогул можам абысціся ў плане вытворчасці прадукцыі. Але там жа жывуць нашы людзі, там жа ёсць глеба, зямля, якую трэба апрацоўваць. Таму мы не кідаем гэтыя гаспадаркі, вёскі і людзей, а падымаем іх".

"Нам трэба 100% зямлі, якая знаходзіцца ў севазвароце, падняць, стварыць нармальную вытворчасць, і галоўнае людзі — мы ж не можам пакінуць іх без увагі. Вось у чым сэнс сённяшніх размоў. Плюс навінка, новае нешта павінна быць: новыя віды прадукцыі, імпартазамяшчэнне і гэтак далей", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама абурыўся ўмовамі ўтрымання кароў і адсутнасцю парадку ў вытворчых памяшканнях, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас наогул не разумею, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Колькі комплекс працуе? Два гады? А мне здаецца, што гадоў дзесяць. Тут ніколі ніхто не прыбірае па-чалавечы".

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу дзяржчыноўнікаў па развіцці сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці, якая па паказчыках знаходзіцца на апошніх месцах. "Цэлы віцэ-прэм`ер, якi загадвае сельскай гаспадаркай, курыруе Магілёўскую вобласць, упаўнаважаны прэзідэнта (Міхаіл Русы. — БелаПАН.). Памочнік прэзідэнта зубы праеў на сельскай гаспадарцы і Магілёўскай вобласці (Генадзь Лаўранкоў. — БелаПАН.). Губернатар самы прасунуты (Уладзімір Даманеўскі. — БелаПАН.). І вы займаеце апошняе месца. Якую я з гэтага павінен рабіць выснову?" — задаўся ён пытаннем.

"Тыдзень тэрміну ўнесці прапановы, бо пойдзеце самі сюды працаваць. Я вас сюды пасылаў па кадрах — вы разбіраліся ўсю зіму, я вас папярэджваў аб сітуацыі тут. Але сітуацыя не мяняецца. Мне гэтыя абяцанні не патрэбныя", — папярэдзіў Лукашэнка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Качанаву.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН