Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/26/998102_998103/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 20:31
26.03.2019 15:05 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка зняў з пасад кіраўніка Магілёўскай вобласці і старшыню Шклоўскага райвыканкама

Мінск, 26 сакавіка. Падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка зняў з пасад старшыню Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага і старшыню Шклоўскага райвыканкама Васіля Віцюнова.

Даманеўскі ўзначальваў Магілёўскую вобласць са снежня 2014 года. Да адпаведнага прызначэння выконваць абавязкі старшыні аблвыканкама будзе цяперашні першы намеснік старшыні Мікалай Кароцін.

Віцюнова вырашана прызначыць кіраўніком аграхолдынга "Купалаўскае", а памочніка прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўранкова — выканаўцам абавязкаў старшыні райвыканкама.

Па іншых службовых асобах Лукашэнка даручыў Адміністрацыі прэзідэнта ўнесці прапановы ў найбліжэйшы час.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў зняць з пасад усіх вінаватых у неналежных умовах гаспадарання ў аграхолдынгу "Купалаўскае" і распачаць па фактах безгаспадарнасці крымінальныя справы, паведамляецца на сайце тэлеканала ОНТ.

"Каб на стале ляжаў спіс усіх, хто мяне тут суправаджаў. Акрамя губернатара і іншых тут яшчэ былі канкрэтныя людзі, якія павінны былі за гэта адказваць. Распачаць крымінальную справу па ўсёй строгасці закона. Вінаваты — наручнікі і адразу ў следчы ізалятар", — заявіў Лукашэнка.

Наведваючы малочнатаварны комплекс "Сліжы" прадпрыемства "Амкадор Шклоў" са структуры аграхолдынгу "Купалаўскае", Лукашэнка абурыўся ўмовамі ўтрымання кароў і адсутнасцю парадку ў вытворчых памяшканнях, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцім, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас наогул не разумею, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Колькі комплекс працуе? Два гады? А мне здаецца, што гадоў дзесяць. Тут ніколі ніхто не прыбірае па-чалавечы".

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу дзяржчыноўнікаў па развіцці сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці, якая па паказчыках знаходзіцца на апошніх месцах. "Цэлы віцэ-прэм`ер, якi загадвае сельскай гаспадаркай, курыруе Магілёўскую вобласць, упаўнаважаны прэзідэнта (Міхаіл Русы. — БелаПАН.). Памочнік прэзідэнта зубы праеў на сельскай гаспадарцы і Магілёўскай вобласці (Генадзь Лаўранкоў. — БелаПАН.). Губернатар самы прасунуты (Уладзімір Даманеўскі. — БелаПАН.). І вы займаеце апошняе месца. Якую я з гэтага павінен рабіць выснову?" — задаўся ён пытаннем.

"Тыдзень тэрміну ўнесці прапановы, бо пойдзеце самі сюды працаваць. Я вас сюды пасылаў па кадрах — вы разбіраліся ўсю зіму, я вас папярэджваў аб сітуацыі тут. Але сітуацыя не мяняецца. Мне гэтыя абяцанні не патрэбныя", — папярэдзіў Лукашэнка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Качанаву.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН