Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/29/eu_998649_998650/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 08:41
29.03.2019 19:05 Эканоміка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Кіраўнік A1 Telekom Austria Group: Мы гатовыя ўкладваць у развіццё 4G і 5G не толькі ў гарадах, але і ў сельскіх раёнах Беларусі

Мінск, 29 сакавіка. Холдынг А1 Telekom Austria Group, даччынай кампаніяй якога з'яўляецца беларускі тэлекам-аператар velcom, гатовы ўкладаць у развіццё 4G і 5G не толькі ў гарадах, але і ў сельскіх раёнах Беларусі. Пра гэта заявіў у каментары для прэсы генеральны дырэктар холдынга А1 Telekom Austria Group Томас Арнольднер, які 29 сакавіка ў складзе аўстрыйскай дэлегацыі прысутнічаў на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам. Лідары дзвюх краін пацвердзілі намер паслядоўна пашыраць узаемадзеянне ў пытаннях развіцця сувязі і ІКТ-сектара.

"Я вельмі рады, што значная частка перамоў была нададзена важнай тэме далейшага развіцця ІКТ і інфраструктуры сувязі. Перамовы былі вельмі канструктыўнымі, і я чакаю далейшага іх працягу з мэтай маштабнага разгортвання 4G-інфраструктуры, а ў перспектыве і 5G не толькі ў гарадах, але і ў сельскіх раёнах", — прыводзіць velcom каментар Арнольднера.

Як адзначае кіраўнік A1 Telekom Austria Group, пачынаючы з 2008 года, калі кампанія velcom стала часткай аўстрыйскага тэлекамунікацыйнага холдынга, аб'ём інвестыцый у беларускую эканоміку перавысіў 670 млн еўра. На працягу ўсяго гэтага часу velcom утрымлівае пазіцыі ў спісе найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Мінска і вобласці: аб'ём выплачаных у бюджэт падаткаў і збораў перавышае 820 млн еўра.

"На мой погляд, мы зрабілі істотны ўнёсак у трансфармацыю краіны ў значнага гульца на полі ІКТ. Больш за 98% тэрыторыі краіны забяспечана пакрыццём нашай 3G-сеткі, якасць якой, зыходзячы з майго досведу, адна з найбольш высокіх у Еўропе, нягледзячы на адны з самых нізкіх цэн на мабільную сувязь. Мы пацвярджаем нашу прыхільнасць і гатоўнасць падтрымліваць далейшае развіццё краіны ў кантэксце тэхналогій 4G і ў перспектыве 5G. У рамках сустрэчы была дасягнута дамоўленасць аб тым, што ў найбліжэйшы час бакі працягнуць абмеркаванне ўзаемных інтарэсаў на самым высокім узроўні і прадумаюць шляхі рэалізацыі сумесных ініцыятыў", — дадаў кіраўнік A1 Telekom Austria Group.

Velcom пачаў ажыццяўляць у Беларусі камерцыйную дзейнасць па прадастаўленні паслуг мабільнай сувязі і продажы адпаведных тавараў 16 красавіка 1999 года. З лістапада 2007 года ўваходзіць у склад холдынга Telekom Austria Group, аднаго з вядучых тэлекамунікацыйных правайдараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Колькасць абанентаў мабільнай сувязі velcom перавышае 4,8 млн. Абаненцкая база фіксаванага інтэрнэту і ТБ налічвае каля 300 тыс. карыстальнікаў.

Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік найбуйнейшых інвестараў у эканоміку Беларусі, у прыватнасці ў дрэваапрацоўку, сферу тэлекамунікацый, банкаўскі сектар. За 2018 год Аўстрыя інвеставала ў Беларусь каля 300 млн долараў ЗША.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239