Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/03/30/998685_998686/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:40
30.03.2019 13:05 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Улады вярнулі ІП магчымасць разлічвацца наяўнай валютай за тавары, якія набываюцца за мяжой

Мінск, 30 сакавіка. Беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі зноў могуць выкарыстоўваць наяўную замежную валюту для набыцця тавару за межамі краіны. Аб гэтым паведамляецца на сайце рэспубліканскага грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва".

На адрас "Перспектывы" паступіў афіцыйны дакумент ад Нацыянальнага банка, згодна з якім ІП дазваляецца з 1 сакавіка 2019 года выкарыстанне наяўнай замежнай валюты пры разліках за тавары, якія набываюцца за мяжой. Як вынікае з ліста, новае рашэнне ўтрымліваецца ў сумеснай пастанове Савета міністраў і Нацбанка ад 29 сакавіка № 212/5 "Аб некаторых пытаннях правядзення валютных аперацый".

"З 1 сакавіка 2019 года індывідуальныя прадпрымальнікі — рэзідэнты маюць права выкарыстоўваць наяўную замежную валюту пры правядзенні разлікаў за межамі Рэспублікі Беларусь па здзелках, якія прадугледжваюць імпарт, у суме, якая не перавышае 100 базавых велічынь па кожным дакуменце, які пацвярджае паступленне тавараў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым для названых мэт індывідуальныя прадпрымальнікі — рэзідэнты маюць права купляць наяўную замежную валюту ў парадку, устаноўленым для фізічных асоб", — адзначаецца ў дакуменце.

"Перспектыва" звяртае ўвагу, што прынятыя пастановай змены носяць бестэрміновы характар, што і прапаноўвалася зрабіць.

Праблема паўстала пасля ўваходжання ў сілу 1 сакавіка пастановы Нацбанка № 612 "Аб некаторых пытаннях правядзення валютных аперацый". Гэты дакумент апрача іншага адмяніў магчымасць выкарыстання наяўнай замежнай валюты ў разліках паміж беларускай юрыдычнай асобай або ІП і замежнай юрыдычнай асобай па дагаворах, якія прадугледжваюць экспарт. Пазней у Нацбанку растлумачылі, што беларускія ІП на тэрыторыі іншай дзяржавы могуць разлічвацца за набытыя тавары замежнай валютай з замежнымі фізічнымі асобамі, але з юрыдычнымі асобамі — толькі ў безнаяўным парадку.

14 сакавіка "Перспектыва" звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет міністраў і Нацбанк з просьбай вярнуць індывідуальным прадпрымальнікам магчымасць разлічвацца наяўнай замежнай валютай за набытыя за мяжой тавары.

Праблема разглядалася 19 сакавіка на працоўнай нарадзе з удзелам віцэ-прэм'ера Аляксандра Турчына, іншых прадстаўнікоў урада, Нацбанка і дзелавых колаў. Удзельнікі нарады пагадзіліся з тым, што выкананне патрабаванняў пастановы Нацбанка № 612 "не толькі рэзка зніжае эфектыўнасць працы" індывідуальных прадпрымальнікаў, але і "стварае пагрозы іх далейшаму функцыянаванню".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН