Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/04/08/999780_999781/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 03:49
08.04.2019 14:43 Палітыка

Лукашэнка: Я ўсё ж такі схільны думаць, што гэтыя прэзідэнцкія выбары выйграе Парашэнка

Мінск, 8 красавіка. Ніхто не рашыцца прадказаць вынікі другога тура прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, аднак Аляксандр Лукашэнка працягвае прытрымлівацца думкі, што перамогу на іх атрымае дзейны прэзідэнт Пётр Парашэнка. Пра гэта ён заявіў 8 красавіка ў інтэрв'ю турэцкаму інфармагенцтву Анадолу, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам" 1 сакавіка Лукашэнка выказаў меркаванне, што на выбарах пераможа дзейны кіраўнік дзяржавы, нагадалі ў прэс-службе. У сувязі з гэтым журналіст агенцтва пацікавіўся ў Лукашэнкі, ці прытрымліваецца ён да гэтага часу такога пункту гледжання.

"Ніхто там нічога не выйграў. Пасля першага тура лідзіруе Зяленскі, Парашэнка ад яго адстае. Як скончыцца другі тур, ніхто не рашыцца прадказаць. Я ўсё ж такі схільны думаць, што гэтыя прэзідэнцкія выбары выйграе Парашэнка", — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што не будзе займацца аналітыкай і параўноўваць двух кандыдатаў. "Аднаго я вельмі добра ведаю. Другога я бачыў толькі ў кіно, я яго як палітыка не ведаю. Але я вам скажу ад жыцця: у нас з Парашэнкам быў некалі агульны сябар — гэта Міхаіл Саакашвілі. Калі Саакашвілі праводзіў выбары, будучы прэзідэнтам Грузіі, канстытуцыю памяняў, яшчэ нешта — пачалі з народам займацца жартамі. Гэта прывяло да таго, што яму давялося пакінуць Грузію і хавацца ў іншых краінах. Каб Парашэнку не прыйшлося залазіць на дах і з даху заклікаць украінцаў абараніць яго, ён зробіць усё для таго, каб украінцы яго падтрымалі. Ён павінен зрабіць усё для таго, каб народ падтрымаў яго", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Журналіст пацікавіўся ў Лукашэнкі яго бачаннем таго, што галасаванне за Зяленскага многімі ацэньваецца як пратэстнае. Лукашэнка "падзяліўся сваім меркаваннем, што рабіць людзям у такой сітуацыі". "Няхай мне прабачаць украінцы, але хачу ім сказаць: калі няма за каго галасаваць, то і галасаваць не трэба. Навошта галасаваць за чалавека, у якім ты не ўпэўнены, бо ўкраінцы такі цяжкі палітычны шлях прайшлі за апошнія гады. Яны ўжо наеліся незразумелых абяцанняў. Яны, ужо шмат разоў рызыкуючы, верылі палітыкам і іх падтрымлівалі. І ўвесь час атрымлівалася наадварот. Апошнія гады вопыт украінскага народа — сведчанне таго, што нельга рызыкаваць. Калі ўжо не атрымліваецца, калі няма за каго галасаваць — значыць, паўторныя выбары. Мне здаецца, гэта лепш, чым у чарговы раз рызыкнуць, прагаласаваць, а потым горка каяцца дзесяць ці больш гадоў", — заявіў ён.

Як паведамлялася, у першым туры прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, які прайшоў 31 сакавіка, паводле афіцыйных дадзеных, на першым месцы апынуўся шоумен Уладзімір Зяленскі. Ён набраў 30,24% галасоў. На другім месцы дзейны прэзідэнт Пётр Парашэнка — 15,95%. Гэтыя два кандыдаты працягнуць барацьбу. Усяго ў выбарах удзельнічала 39 чалавек. Другі тур адбудзецца 21 красавіка.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН