Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/04/13/ru_1000501_123456/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2019 18:38
13.04.2019 12:39 Палітыка, Грамадства

У Брэсце змешчаны ў ІЧУ дзесяць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода

Брэст, 13 красавіка. Паводле апошняй інфармацыі, у Брэсце 12 красавіка змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання дзесяць праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, але не выключана, што затрыманых можа быць больш. Пра гэта паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.

Паводле звестак, якія ў яго маюцца, 12 красавіка ў Ленінскі РАУС абласнога цэнтра ў якасці сведак былі выкліканы 12 актывістаў. Затрымалі і да суда змясцілі ў ІЧУ Дзмітрыя Андрасюка, Уладзіміра Казлоўскага, Дзяніса Малашанку, Сяргея Свірскага, Уладзіслава Абрамовіча, Алега Ярмоленку, Дзям`яна Лепясевіча, Кацярыну Басаргіну, Алега Вялава і праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна.

З міліцыі адпусцілі двух чалавек: Анатоля Ярмоленку і Ірыну Сіліцкую. Ёй далі павестку з`явіцца ў райаддзел 14 красавіка ў 11.45. Гэта нядзеля, традыцыйны дзень вулічнага збору праціўнікаў завода.

Паводле слоў Кісляка, у дачыненні да затрыманых складзены пратаколы па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за ўдзел 7 красавіка ў шэсці праціўнікаў завода.

У той дзень на плошчы Леніна ў Брэсце сабралася больш за 300 чалавек. Яны прайшлі па цэнтральных вуліцах Пушкінскай і Савецкай да ЦУМа на праспекце Машэрава. Удзельнікі шэсця скандзіравалі "Не заводу!".

"Не выключаю, што затрыманых можа быць больш. Гэта высветліцца 15 красавіка ў судзе, куды з ІЧУ даставяць праціўнікаў завода. Усе затрыманні адвольныя і гэта пераслед актывістаў за выказванне сваіх поглядаў і крытыку ўлад", — лічыць праваабаронца.

Ён адзначыў, што на 14 красавіка адну актывістку — Таццяну Фесікаву — на 11.00 выклікалі ў Брэсцкі РАУС, на 12.00 — у Ленінскі РАУС Брэста.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА "АйПаўэр" вядзецца на прамысловай пляцоўцы "Аэрапорт" у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 83 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг "Брэстаўчанкі супраць свінцу", на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі будаўніцтва прадпрыемства збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Брэсце.

Ларыса Шыганава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН