Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/04/15/eu_1000615_12345/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 16:38
15.04.2019 13:25 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Лукашэнка: Каго толькі Захад не крытыкуе! Ён крытыкуе і мяне, і майго сябра Эрдагана 

Мінск, 15 красавіка. Крытыка Турцыі з боку Захаду сведчыць пра тое, што Турцыя займае правільную пазіцыю з пункту погляду абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву Анадолу. Інтэрв`ю было запісанае 8 красавіка ў Мінску і апублікаванае сёння.

"Каго толькі Захад не крытыкуе! Ён крытыкуе і мяне, і майго сябра Эрдагана, — сказаў Лукашэнка. — Турцыя ім чымсьці не падабаецца. Амерыканцам не падабаецца ваша пазіцыя. Вы закупілі ў Расіі абарончую зброю, якая вам вельмі патрэбная і якая таннейшая. Вас таксама за гэта ўжо не крытыкуюць, а спрабуюць біць. За любую палітыку незалежнасці Анкару пачынаюць крытыкаваць, нападаць на Турцыю".

"Як толькі вашыя канкурэнты, а можа і супернікі, пачынаюць вас крытыкаваць, ведайце, што вы робіце правільна, хоць яны не праціўнікі вам, вы ў адным "плугу" НАТА. Таму я падтрымліваю спадара Эрдагана ў многіх пытаннях, калі ён змагаецца за свой суверэнітэт і незалежнасць. Такую ж пазіцыю я займаю і ў Беларусі. Так, Захаду не падабаюцца многія тэндэнцыі, якія адбываліся і ў меншай ступені адбываюцца і цяпер. Але гэта нашы беларускія асаблівасці. Мы ствараем упершыню ў гісторыі сваю незалежную і суверэнную дзяржаву", — заявіў ён.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што Мінск робіць высновы з канструктыўнай крытыкі, незалежна ад таго, гучыць яна з Захаду ці з Усходу. "Але калі яна не канструктыўная, мы імкнемся не звяртаць на яе ніякай увагі. І, як бачыце, праз гады аказваецца, мы маем рацыю", — сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што па першай адукацыі з`яўляецца гісторыкам і добра ведае ролю Турцыі ў фарміраванні сучаснага свету. "Турцыя зрабіла свой унёсак у фарміраванне цяперашняй архітэктуры ў галіне сусветнай культуры, архітэктуры, адукацыі, эканомікі і гэтак далей. Турцыя пакінула свой след, — сказаў Лукашэнка. — Я кажу гэта да таго, што туркі маюць у сваёй гісторыі моцную дзяржаўнасць. Сучасная Турцыя мае наймагутны падмурак для далейшага развіцця. І ўплыў Турцыі ў рэгіянальным і глабальным маштабе вялікі. Гэта старажытны, гераічны і моцны народ. Я шмат разоў наведваў Турцыю і як гісторык гляджу на сучасны турэцкі народ, спрабуючы праводзіць паралелі з гістарычнымі падзеямі. Туркі вельмі многае атрымалі ў спадчыну ад сваіх продкаў. Гэта вельмі яркі, устойлівы, мужны народ".

Ён таксама адзначыў, што Турцыя, як і Беларусь, мае няпростае геапалітычнае размяшчэнне. "Мы, беларусы, як і туркі, сталі яшчэ больш важнымі цэнтрамі, праз якія распасціраюцца інтарэсы многіх аб`яднанняў і дзяржаў Еўрасаюза, ЗША, Кітая, Расіі, Індыі і гэтак далей, — сказаў Лукашэнка. — Таму Турцыя іграе і, я ўпэўнены, будзе іграць яшчэ больш важную ролю ў фарміраванні архітэктуры міру на нашай планеце".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН