Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/04/15/ru_1000576_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.08.2019 18:13
15.04.2019 09:01 Грамадства

Яшчэ трое праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода змешчаныя ў ІЧУ Брэста

Брэст, 15 красавіка. Сёння ў ізалятар часовага ўтрымання Брэста змешчаныя яшчэ трое праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк. З улікам затрыманых 12 красавіка там знаходзіцца як мінімум 12 грамадскіх актывістаў.

14 красавіка каля поўдня на плошчы Леніна ў Брэсце сабраліся каля 200 праціўнікаў гэтага завода. Паводле інфармацыі Кісляка, прыкладна ў 12.05 на плошчы быў затрыманы мясцовы блогер Аляксандр Кабанаў. Каля 12.30 тут жа затрымалі аднаго з лідараў ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода Дзмітрыя Бекалюка.

Падчас шэсця па цэнтральных вуліцах горада людзі ў цывільным паспрабавалі затрымаць актывіста Аляксандра Абляка, аднак удзельнікі дэманстрацыі адбілі яго, атачыўшы шчыльным колам. Каля 13.15, калі калона падышла да скрыжавання вуліцы Савецкай з праспектам Машэрава, некалькі супрацоўнікаў АМАПа ўсё ж выхапілі Абляка з натоўпу, пасадзілі ў машыну і павезлі. Быў затрыманы таксама актывіст Ягор Кандрацюк, які ішоў побач і абурыўся дзеяннямі амапаўцаў.

Аляксандра Кабанава даставілі ў Брэсцкі РАУС, дзе хацелі апытаць па заяве грамадзяніна, які сцвярджае, што Кабанаў яго абразіў. Блогер адмовіўся адказваць на пытанні без адваката, і каля 16.00 яго адпусцілі.

"У Ленінскі РАУС Брэста былі дастаўленыя Аляксандр Абляк, Ягор Кандрацюк і Дзмітрый Бекалюк. Бекалюку стала дрэнна, і выкліканая хуткая дапамога забрала яго ў бальніцу, — распавёў Кісляк. — Абляка і Кандрацюка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У гэты ІЧУ змешчаная і актывістка Таццяна Фесікава, якая прыйшла ў нядзелю па позве да 12.00 у райаддзел міліцыі".

Акрамя таго, паводле некаторых звестак, 14 красавіка ў Брэсце затрымалі Віталя Казака, якога выклікалі позвай у РАУС, а таксама Віктара Сэндара. Казак паспеў паведаміць пра сваё затрыманне журналістам, пра затрыманне Сэндара СМІ паведаміў яго сябар.

12 красавіка ў брэсцкі ІЧУ былі змешчаныя 10 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Паводле інфармацыі Кісляка, у суботу ў Ленінскі РАУС у якасці сведак былі выкліканыя 12 актывістаў. Пазней дваіх адпусцілі — Анатоля Ярмоленку і Ірыну Сіліцкую. Сіліцкай уручаная позва аб яўцы ў райаддзел 14 красавіка ў 11.45. Астатнія 10 чалавек да суда змешчаныя ў ІЧУ — гэта Дзмітрый Андрасюк, Уладзімір Казлоўскі, Дзяніс Малашанка, Сяргей Свірскі, Уладзіслаў Абрамовіч, Алег Ярмоленка, Дзям`ян Лепясевіч, Кацярына Басаргіна, Алег Вялаў і праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Паводле інфармацыі Кісляка, у ноч на 14 красавіка з ІЧУ вызвалілі Кацярыну Басаргіну, у якой захварэла маленькае дзіця.

Чакаецца, што суды над брэсцкімі актывістамі пройдуць 15 красавіка.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА "АйПаўэр" вядзецца на прамысловай пляцоўцы "Аэрапорт" у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца спынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. З 25 лютага 2018 года праціўнікі будаўніцтва прадпрыемства збіраюцца кожную нядзелю на плошчы Леніна. За гэты час былі пададзеныя заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 83 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг "Брэстаўчанкі супраць свінцу", на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

У студзені гэтага года ініцыятыва "Брэст супраць свінцу" атрымала прэмію "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці", заснаваную Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі.

Ларыса Шыганава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН