Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/04/15/ru_1000622_1000623_123/
Дата раздрукоўкі: 23.04.2019 11:50
15.04.2019 13:53 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Палітычныя і культурныя адносіны Беларусі і Турцыі апярэджваюць гандлёва-эканамічныя

Мінск, 15 красавіка. Палітычныя, дыпламатычныя, гуманітарныя, культурныя ўзаемаадносіны Беларусі і Турцыі апошнім часам апярэджваюць гандлёва-эканамічныя, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву Анадолу. Інтэрв'ю было запісанае 8 красавіка ў Мінску і апублікаванае сёння.

"Парытэт у гандлёва-эканамічных адносінах, аб'ём якіх дасягнуў мільярда долараў, трэба выраўноўваць", — сказаў ён і дадаў, што інвестыцыі ў двухбаковы гандаль павінны быць павялічаныя.

"Гандлёва-эканамічныя адносіны з'яўляюцца фундаментам любых адносін, — сказаў Лукашэнка. — І калі мы хочам, каб нашы адносіны былі доўгатэрміновымі і стабільнымі, пра што заявілі год таму ў Мінску з прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, то павінны развіваць гандлёвыя сувязі. Мы да гэтага падышлі. І мой будучы візіт у Турцыю якраз у асноўным будзе прысвечаны гэтаму. Мы будзем казаць пра сумесныя праекты, сумесныя інвестыцыі, пра больш інтэнсіўны і збалансаваны гандаль".

Паводле яго слоў, бакі за мінулыя гады "намацалі тыя агульныя падыходы, намацалі тыя пазіцыі, па якіх трэба сёння працаваць".

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца экспартна арыентаванай краінай. "Нам крытычна важна мець адносіны з вялікай колькасцю дзяржаў, тым больш з такімі магутнымі і багатымі, як Турцыя, — сказаў ён. — Агульныя інтарэсы і агульныя падыходы — гэта IT-сектар, сучасныя тэхналогіі, хімічная і нафтахімічная прамысловасць. Вы вельмі маеце патрэбу ў нашай тэхніцы, Турцыя — велізарная краіна, у кормаўборачных, збожжаўборачных, у машынах вялікай грузападымальнасці, амаль 500 тон. Мы ствараем такія кар'ерныя самазвалы, аўтамабілі сярэдняй і малой грузападымальнасці, трактары МТЗ і гэтак далей".

Лукашэнка акцэнтаваў увагу і на адкрыцці прадстаўніцтваў беларускіх кампаній у Турцыі. "Мы ствараем у Турцыі гандлёвыя дамы і сэрвісныя цэнтры. Наша тэхніка прасунутая. Нават у сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва мы знайшлі з вамі агульныя падыходы, нягледзячы на тое, што вы — краіна НАТА, а мы належым да іншага ваенна-палітычнага блока — АДКБ, — адзначыў ён. — Мы адкрылі для вас беларусаў, а вы адкрылі для нас Турцыю. Дзякуючы нашым адносінам з прэзідэнтам Эрдаганам, урадам у нас склаліся адносіны даверу, і ў гэтым напрамку мы будзем дзейнічаць".

Лукашэнка таксама адзначыў паспяховае развіццё беларуска-турэцкіх адносін у сферы турызму. "Нашы людзі ўжо прывыклі бываць у цёплых водах Турэцкай Рэспублікі, і гэты працэс ужо не спыніць. Кожны год турыстычны паток нарастае менш у іншыя краіны, а больш — у Турцыю. Нашы людзі любяць бываць у Турцыі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі пражывае каля 30 тысяч мусульман. "Мячэць, якую вы пабудавалі, — гэта фактар згоды, міру ў нашым грамадстве. Я — прыхільнік гэтага, — сказаў Лукашэнка. — Перакананы, што мусульмане, гэтак жа як і праваслаўныя, каталікі, іудзеі і іншыя, удзячныя Беларусі за адкрыццё "галоўнага дома" — мячэці. Мусульмане ўдзячныя Беларусі, удзячныя Рэджэпу Таіпу Эрдагану, які і свае сродкі інвеставаў у будаўніцтва гэтай мячэці. Мы дапамагалі будаваць мячэць".

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь праводзіць палітыку, накіраваную на міжканфесійны мір. "Гэта наш брэнд — мір, стабільнасць, адсутнасць варожасці нацыянальнай, міжканфесійнай і гэтак далей. Гэта наш брэнд, і гэтай палітыкі мы будзем прытрымлівацца ўвесь час. Мы да вас добра ставімся, мы вас паважаем, вашу веру, і яна не перашкаджае нікому тут — ні праваслаўным, ні каталікам", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што ў яго наладжаныя цесныя адносіны з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. "Я называю Эрдагана сваім сябрам. Турэцкі лідар звяртаецца да мяне са словам "брат", — паведаміў Лукашэнка. — Мы, можна сказаць, як блізкія, родныя людзі. Мы разумеем адзін аднаго, мы падтрымліваем адзін аднаго на ўсіх міжнародных пляцоўках. Мы будуем вельмі добрыя адносіны паміж магутнай і багатай Турцыяй і вельмі важнай краінай — Беларуссю. У нас няма ніякіх закрытых тэм для супрацоўніцтва. Я малю Бога і Алаха, каб нішто не перашкодзіла нам выбудоўваць гэтыя добрыя адносіны".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН