Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/04/20/ru_1001469_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 20:51
20.04.2019 17:46 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка пра "Лінію Сталіна": Я не імя Сталіна адраджаў, хаця і ён гэтага заслугоўвае

Мінск, 20 красавіка. Гутарачы з журналістамі 20 красавіка, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што "падзеі ваенных гадоў, якія развіваліся ў раёне "Лініі Сталіна", вучаць заўсёды быць гатовымі да адбівання агрэсіі".

"Гэта ўрок, гэта тая невядомая гісторыя нашай краіны, якую мы павінны ведаць. І гэты ўрок падштурхоўвае нас да таго, каб порах трымаць сухім і каб мы заўсёды былі гатовыя з любога боку адбіць агрэсію супраць нас", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі ствараўся гісторыка-культурны комплекс, было шмат праціўнікаў гэтага, якія абвінавачвалі ўлады ва ўвекавечанні памяці пра Сталіна. "Ды я не імя Сталіна адраджаў, хоць і ён гэтага заслугоўвае. Я адраджаў гэты аб'ект, які кажа аб той частцы гісторыі, якая была ў нас і якую, на жаль, на той час няправільна разумелі", — падкрэсліў Лукашэнка.

Нават, паводле яго слоў, былі спробы з боку некаторых чыноўнікаў спыніць будаўніцтва комплексу: "Хапала людзей, якія працавалі ў дзяржаўных органах і спрабавалі кагосьці нахіліць, супрацьстаяць, каб гэта не было створана".

Комплекс "Лінія Сталіна" ствараўся на аснове фартыфікацыйных збудаванняў Мінскага ўмацаванага раёна, якія ў гады вайны былі размешчаныя на працягу 2 тыс. км. Праўда, уздоўж гэтай лініі заставаліся і неабароненыя раёны.

"Калі б ён спрацаваў тут, як думалася, немцам было б вельмі цяжка. Я мяркую, што фашысты яго наўрад ці б пераадолелі, — адзначыў прэзідэнт. — З-за галавацяпства — і гэта наш урок — мы страцілі Беларусь на працягу месяца-паўтара. Нічога не засталося ад Беларусі. Дзе змагаліся па-сапраўднаму — на 20-25 дзён затрымлівалі фашыстаў".

Зараз, звярнуў увагу Лукашэнка, у Беларусі рэгулярна ўдасканальваюць армію — у залежнасці ад развіцця міжнароднага становішча, з'яўлення новых спосабаў весці канфлікты і баявыя дзеянні. Акцэнт зроблены на мабільных войсках, бо танкавымі калонамі і фронт на фронт ўжо ваяваць не будуць, заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Будуць тэрарыстычныя групы, будуць закідваць у тыл, таму з'явілася тэрытарыяльная абарона, каб людзі самі абаранілі сябе і свае сем'і ў глыбіні. А ў нас мабільныя сілы: хтосьці прарваўся — праскочылі туды, разбамбілі, верталёты дапамаглі, знішчылі і сышлі", — дадаў беларускі кіраўнік.

Вяртаючыся да значэння комплексу "Лінія Сталіна", кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты гісторыка-культурны аб'ект запатрабаваны не толькі на постсавецкай прасторы. Сюды прыязджаюць турысты і з Заходняй Еўропы, каб паглядзець на тэхніку ваенных гадоў і сучаснае ўзбраенне.

"Мы будзем і далей пашыраць гэтую пляцоўку для таго, каб выхоўваць патрыётаў, здольных абараніць не толькі сябе, сваю сям'ю і дзяцей, але і нашу краіну", — падсумаваў Лукашэнка.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН