Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/04/23/ru_1001800_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 16:31
23.04.2019 18:16 Эканоміка, Грамадства

1 мая на 6,5% павышаюцца працоўныя пенсіі

Мінск, 23 красавіка. Указ "Аб павышэнні пенсій" падпісаў 23 красавіка Аляксандр Лукашэнка.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, пераразлік працоўных пенсій будзе праведзены з 1 мая ў сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў. "Фактычны заробак пенсіянераў будзе скарэкціраваны зыходзячы з сярэдняй зарплаты па краіне, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій, з павышэннем яе велічыні на 6,5%", — адзначаецца ў рэлізе.

Фінансаванне расходаў на рэалізацыю ўказа будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Лукашэнка, выступаючы 19 красавіка са штогадовым пасланнем народу і парламенту, даручыў падрыхтаваць рашэнне аб павышэнні пенсій сёлета. Ён нагадаў, што ў 2018-м пенсія павышалася двойчы. "Яе рост павінен быць і ў гэтым годзе. Даручаю ўраду, не адкладваючы, падрыхтаваць праекты неабходных рашэнняў. Сацыяльна гарантаваны ўзровень суадносін пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы павінен імкнуцца да 50%, але не ніжэй за 40%, як гэта прынята ва ўсім свеце", — сказаў афіцыйныя лідар.

Пры гэтым ён адзначыў, што пенсіянеры часам сыходзяць на пенсію "ў добрым здароўі з актыўнай творчай працы". "Трэба даць ім магчымасць працаваць. Няхай працуюць. Таленавітыя, здольныя людзі, законапаслухмяныя. Чалавек да 75 гадоў і нават 80 у здаровым розуме і можа нядрэнна працаваць. Трэба стварыць ім умовы, і менш будзе скаргаў", — лічыць Лукашэнка.

У лютым 2019 года ў параўнанні са студзенем рэальны памер пенсій (з улікам інфляцыі) знізіўся на 1,1%, за апошнія 12 месяцаў — вырас на 14,2%, сведчаць дадзеныя Белстата.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў лютым вырас на 2 капейкі і склаў 393,5 рубля.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў лютым 2019 года на ўліку стаяла 2 млн 557,5 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 381,8 рубля (+6 капеек), што ў 2,3 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва і роўнае 39,1% сярэдняй зарплаты.

Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 348,1 рубля (+1,8 рубля да ўзроўню студзеня), па прычыне страты карміцеля — 262,5 рубля (+2,9), сацыяльнай пенсіі — 201,2 рубля (+2,5) .

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН