Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/04/24/ru_1001871_445566/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 04:47
24.04.2019 12:18 Палітыка

У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоў па Украіне

Мінск, 24 красавіка. У Мінску 24 красавіка праходзіць чарговы раўнд перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў "Твітэры" МЗС Беларусі.

Перамовы ў "Прэзідэнт-гатэлі" традыцыйна арганізаваныя ў закрытым для прэсы рэжыме. Сустракаюцца тэматычныя падгрупы трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія). У 15.00 запланаванае пасяджэнне кантактнай групы.

Папярэдняя сустрэча групы ў Мінску адбылася 10 красавіка. Паводле яе вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік заявіў журналістам, што на Данбасе рыхтуецца "велікоднае перамір'е". Абвясціць яго планавалася паводле вынікаў відэаканферэнцыі кантактнай групы 18 красавіка, аднак бакі не здолелі дамовіцца аб спыненні агню. Мінулая беспаспяховая спроба ўстанаўлення перамір'я на Данбасе — з 7 сакавіка — была прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня і названая "веснавым перамір'ем".

Абраны новым прэзідэнтам Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі ў дзень другога туру выбараў, 21 красавіка, заявіў, што мінскі перамоўны працэс мае патрэбу ў перазагрузцы. "Мы будзем дзейнічаць у "нармандскім фармаце", будзем перазагружаць мінскі працэс, але ў гэтым напрамку будзем ісці да канца, каб нашы хлопцы вярнуліся жывымі", — сказаў ён.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН