Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/04/30/ru_1002817_123/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 16:16
30.04.2019 22:36 Палітыка

Бабіч вызвалены ад пасады пасла Расіі ў Беларусі (дапоўнена)

Мінск, 30 красавіка. Міхаіл Бабіч вызвалены ад абавязкаў пасла Расіі ў Беларусі, а таксама ад пасады спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю, паведаміла вечарам 30 красавіка прэс-служба Крамля.

Адпаведны ўказ за № 200 падпісаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Абгрунтаванне — "у сувязі з пераходам на іншую працу".

Новым паслом прызначаны член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Дзмітрый Мезенцаў. Пры гэтым ён не прызначаны спецпрадстаўніком Пуціна па развіцці гандлёва-эканамічных адносінаў з Беларуссю.

Паведамленні аб хуткім адкліканні 49-гадовага Бабіча з`явіліся ў расійскіх СМІ ў другой палове дня 30 красавіка. "Гэта абмяркоўваецца з мінулага тыдня", — заявіла, у прыватнасці, адна з "высокапастаўленых крыніц" газеты "КоммерсантЪ".

"Спадар Бабіч, які не з`яўляецца кар`ерным дыпламатам, лічыўся палітычным прызначэнцам. Перыяд яго працы ў Мінску супаў з актывізацыяй лініі Масквы на больш глыбокую інтэграцыю з суседняй краінай. Міхаіл Бабіч не прапрацаваў у Беларусі і года (прызначаны 24 жніўня 2018 года. — БелаПАН.), але запомніўся цэлай серыяй скандальных заяў і жорсткай пікіроўкай з беларускім МЗС", — адзначае выданне.

"КоммерсантЪ" звяртае ўвагу на тое, што Бабіч "у цэлым выбраў неўласцівую для расійскіх дыпламатаў лінію паводзінаў", "шмат і рэгулярна ездзіў па Беларусі, наведваў мясцовыя прадпрыемствы, меў зносіны з бізнесам і сустракаўся з беларускай апазіцыяй". Такая актыўнасць "відавочна не падабалася ўладам краіны знаходжання".

Адстаўка Бабіча, сцвярджаюць крыніцы "Коммерсанта", стала вынікам неаднаразовых просьбаў Аляксандра Лукашэнкі, якія той адрасаваў асабіста Пуціну. Апошняя размова адбылася ў Пекіне, дзе Лукашэнка нібыта запэўніў расійскага калегу ў тым, што гатовы пачаць інтэграцыю, якая даўно абмяркоўваецца, але зноў папрасіў адклікаць Бабіча. "Пуцін пагадзіўся, даў Лукашэнку год, паабяцаўшы не ўмешвацца ва ўнутраны беларускі парадак дня", — сцвярджае крыніца. Пры гэтым адкліканне "не варта лічыць санкцыяй" у дачыненні да Бабіча — яму можа быць прапанаваная "іншая праца".

Першы сакратар пасольства РФ у Мінску Аляксей Маскалёў заявіў БелаПАН, што дыпмісія не каментуе паведамленні СМІ сваёй краіны пра хуткае адкліканне Бабіча.

У сакавіку і красавіку гэтага года Бабіч і беларускае МЗС абменьваліся рэзкімі выпадамі ў сувязі з рознымі публічнымі падыходамі да ацэнкі двухбаковых адносінаў. 20 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не будзе каментаваць апошнія выказванні пасла. "Няправільна будзе, калі я буду каментаваць, хоць маю сваё меркаванне. Пасол Расіі — гэта прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі — майго добрага сябра (ён яго рэкамендаваў сюды). І гэта прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расіі. Яны разбяруцца там з гэтым паслом. Я абсалютна ўпэўнены", — сказаў Лукашэнка.

Бабіч напярэдадні выказаў прэтэнзіі ў адрас дэпутата Палаты прадстаўнікоў Беларусі, актывісткі апазіцыі Ганны Канапацкай. Дыпламат лічыць, што Канапацкая, якая задала пасля штогадовага паслання Аляксандра Лукашэнкі народу і парламенту 19 красавіка пытанне аб зніжэнні кошту будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, паўдзельнічала ў правакацыі. Парламентарый пацікавілася ў Лукашэнкі, ці сапраўды Расія знізіла кошт будаўніцтва БелАЭС, спаслаўшыся на Бабіча, які, паводле яе слоў, заяўляў пра гэта ў СМІ.

"Я гэта ўпершыню чую. Пасол, напэўна, лічыць дрэнна ўмее. Гэта не Расія знізіла. Калі такое сказаў пасол, то ён шкодзіць сабе", — адрэагаваў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што кошт будаўніцтва АЭС з`яўляецца камерцыйнай таямніцай і ён з членамі ўрада і расійскім бокам дамаўляліся такія лічбы не называць, аднак, у выпадку калі гэта зрабіў пасол, трэба даць свае тлумачэнні. Паводле слоў афіцыйнага лідара, дамова аб будаўніцтве АЭС заключалася зыходзячы з "існуючых цэн у свеце" на той момант. "Я Уладзіміру Уладзіміравічу [Пуціну] казаў: вось, мы на 10 мільярдаў дамаўляліся, а рэальная цана будзе, напэўна, меншай за 7 мільярдаў. Ён мне адказвае: вось ты падарунак мне зрабіў, толькі нікому не кажы пра гэта, мы ж кантракты заключаем з іншымі краінамі", — сказаў Лукашэнка.

"На жаль, гісторыя нашых партнёраў нічому не вучыць. Прыходзіцца канстатаваць, што беларускага прэзідэнта зноў падманулі. Справа ў тым, што ні я, ні якія іншыя службовыя асобы з расійскага боку ніколі не называлі канчатковы кошт БелАЭС", — заявіў Бабіч. На думку расійскага пасла, пытанне Канапацкай магло быць "зрэжысіраванае наўмысна".

Бабіч таксама пракаментаваў РБК заяву кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея, які напярэдадні, 18 красавіка, сказаў журналістам, што Беларусь даўно накіравала Расіі прапановы ў адказ па інтэграцыі, "але Дзмітрый Анатольевіч [Мядзведзеў], магчыма, не ў курсе". Расійскі пасол нагадаў, што Мядзведзеў з`яўляецца таксама членам Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, старшынёй савета міністраў Саюзнай дзяржавы. "Усе рашэнні, якія прымаюцца ў Саюзнай дзяржаве, ім узгадняюцца, а большасць з іх рэалізуюцца пад яго непасрэдным кіраўніцтвам", — сказаў Бабіч. "Лепш бы спадару Макею гэта ў сваёй працы ўлічваць", — падкрэсліў расійскі пасол. У адказ на гэта беларускае МЗС заявіла, што Міхаіл Бабіч сваёй дзейнасцю разбурае "цесныя і дружалюбныя адносіны двух братніх народаў".

Новы пасол, 59-гадовы Дзмітрый Мезенцаў — зямляк Уладзіміра Пуціна. Кандыдат псіхалагічных навук, член Саюза журналістаў Расіі. Абараніў дысертацыю "Псіхалогія ўплыву сродкаў масавай інфармацыі на фарміраванне палітычных установак асобы". Былы генеральны сакратар Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (2013—2015), экс-губернатар Іркуцкай вобласці (2009—2012).

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239