Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/01/ru_1002844_1234/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 15:12
01.05.2019 12:53 Палітыка

Прэс-сакратар Лукашэнкі: Беларусь не супраць прызначэння новага пасла РФ, нічога дрэннага пра папярэдняга пасла сказаць не можам

Мінск, 1 мая. Беларусь не супраць прызначэння паслом Расіі ў Мінску Дзмітрыя Мезенцава, заявіла ТАСС прэс-сакратар прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант.

"Я магу паўтарыць толькі тое, што казаў наш прэзідэнт на гэтую тэму. У прыватнасці, што гэта — пытанне кіраўніцтва Расіі. Вырашыў Уладзімір Уладзіміравіч прызначыць новага пасла — мы не супраць", — сказала Эйсмант. "Нічога дрэннага пра папярэдняга пасла сказаць не можам", — дадала яна.

30 красавіка ўказам Уладзіміра Пуціна Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад абавязкаў пасла Расіі ў Беларусі, а таксама ад пасады спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Абгрунтаванне — "у сувязі з пераходам на іншую працу", паведаміла прэс-служба Крамля.

Новым паслом прызначаны член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Дзмітрый Мезенцаў. Пры гэтым ён не прызначаны спецпрадстаўніком Пуціна па развіцці гандлёва-эканамічных адносінаў з Беларуссю.

Паведамленні аб хуткім адкліканні 49-гадовага Бабіча з`явіліся ў расійскіх СМІ ў другой палове дня 30 красавіка. "Гэта абмяркоўваецца з мінулага тыдня", — заявіла, у прыватнасці, адна з "высокапастаўленых крыніц" газеты "КоммерсантЪ".

"Спадар Бабіч, які не з`яўляецца кар`ерным дыпламатам, лічыўся палітычным прызначэнцам. Перыяд яго працы ў Мінску супаў з актывізацыяй лініі Масквы на больш глыбокую інтэграцыю з суседняй краінай. Міхаіл Бабіч не прапрацаваў у Беларусі і года (прызначаны 24 жніўня 2018 года. — БелаПАН.), але запомніўся цэлай серыяй скандальных заяў і жорсткай пікіроўкай з беларускім МЗС", — адзначае выданне.

"КоммерсантЪ" звяртае ўвагу на тое, што Бабіч "у цэлым выбраў неўласцівую для расійскіх дыпламатаў лінію паводзінаў", "шмат і рэгулярна ездзіў па Беларусі, наведваў мясцовыя прадпрыемствы, меў зносіны з бізнесам і сустракаўся з беларускай апазіцыяй". Такая актыўнасць "відавочна не падабалася ўладам краіны знаходжання".

Адстаўка Бабіча, сцвярджаюць крыніцы "Коммерсанта", стала вынікам неаднаразовых просьбаў Аляксандра Лукашэнкі, якія той адрасаваў асабіста Пуціну. Апошняя размова адбылася ў Пекіне, дзе Лукашэнка нібыта запэўніў расійскага калегу ў тым, што гатовы пачаць інтэграцыю, якая даўно абмяркоўваецца, але зноў папрасіў адклікаць Бабіча. "Пуцін пагадзіўся, даў Лукашэнку год, паабяцаўшы не ўмешвацца ва ўнутраны беларускі парадак дня", — сцвярджае крыніца. Пры гэтым адкліканне "не варта лічыць санкцыяй" у дачыненні да Бабіча — яму можа быць прапанаваная "іншая праца".

У сакавіку і красавіку гэтага года Бабіч і беларускае МЗС абменьваліся рэзкімі выпадамі ў сувязі з рознымі публічнымі падыходамі да ацэнкі двухбаковых адносінаў. 20 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не будзе каментаваць апошнія выказванні пасла. "Няправільна будзе, калі я буду каментаваць, хоць маю сваё меркаванне. Пасол Расіі — гэта прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі — майго добрага сябра (ён яго рэкамендаваў сюды). І гэта прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расіі. Яны разбяруцца там з гэтым паслом. Я абсалютна ўпэўнены", — сказаў Лукашэнка.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239