Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/03/ru_1003059_445566/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 09:21
03.05.2019 14:22 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк вырашыў не мяняць стаўку рэфінансавання з-за паскарэння інфляцыі

Мінск, 3 мая. У сувязі з паскарэннем інфляцыі і няпэўнасцю ўплыву на яе ўнутраных і знешніх фактараў Нацыянальны банк вырашыў захаваць на наяўным узроўні стаўку рэфінансавання і працэнтныя стаўкі па аперацыях рэгулявання ліквіднасці. Такое рашэнне прынятае праўленнем галоўнага банка краіны 3 мая паводле вынікаў пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы.

"Фактычна ў I квартале 2019 года інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў крыху павялічылася. Гадавы прырост спажывецкіх цэн у сакавіку 2019 года склаў 5,8% (5,6% у снежні 2018 года). Такая дынаміка цэн абумоўленая галоўным чынам кароткатэрміновымі фактарамі", — паведамілі ў прэс-службе рэгулятара. Стаўка рэфінансавання была зніжаная з 10,5 да 10% гадавых 27 чэрвеня 2018 года, што стала мінімумам гэтага паказчыка для краіны за апошнія дзесяць гадоў.

Як лічаць у Нацбанку, захаванне стаўкі рэфінансавання на наяўным узроўні будзе спрыяць запаволенню інфляцыйных працэсаў і дасягненню пастаўленай мэты па інфляцыі на 2019 год "на фоне няпэўнасці ўплыву шэрагу ўнутраных і знешніх фактараў на інфляцыйныя працэсы".

Адзначаецца, што далейшыя рашэнні ў галіне ключавых працэнтных ставак Нацбанка будуць залежаць ад накіраванасці зрушэння балансу паміж інфляцыйнымі і дэфляцыйнымі фактарамі.

Наступнае пасяджэнне праўлення Нацбанка па грашова-крэдытнай палітыцы запланаванае 7 жніўня 2019 года.

Сёлета Нацбанк і ўрад паставілі задачу абмежаваць інфляцыю 5%. Аднак ужо за тры месяцы інфляцыя ў краіне склала 2,6%, або палову гадавога прагнозу. З гэтым паказчыкам Беларусь заняла другое месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у першым квартале 2019 года.

Нацыянальны банк чакае, што з трэцяга квартала інфляцыя ў Беларусі пачне набліжацца да мэтавага ўзроўню гэтага года.

Між тым эксперты адзначаюць, што існуе высокая верагоднасць адхілення інфляцыі ад мэтавага арыенціру ў 5% паводле вынікаў года. Пра гэта, у прыватнасці, гаворыцца ў аглядзе, падрыхтаваным Цэнтрам макраэканамічных даследаванняў "Ашчадбанка Расіі".

"Паводле нашых ацэнак, інфляцыя можа наблізіцца да 6%, што абмяжоўвае магчымасці рэгулятара па зніжэнні стаўкі рэфінансавання. Акрамя асноўнай мэты манетарнай палітыкі на гэты момант не выконваецца і прамежкавы арыенцір — рост шырокай грашовай масы, які ў сакавіку склаў 12,2% пры мэце 9-12%. Калі НБРБ захоўвае намер паступова перайсці да таргетавання інфляцыі, то рэгулятару давядзецца адкласці вяртанне да цыкла зніжэння стаўкі як мінімум да другой паловы 2019 года", — робяць выснову аналітыкі "Ашчадбанка".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН