Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/06/eu_1003253_123/
Дата раздрукоўкі: 18.01.2021 16:08
06.05.2019 12:29 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Пасол Румыніі Машану: Усходняе партнёрства эфектыўна спрыяе збліжэнню з нашымі ўсходнімі партнёрамі

Мінск, 6 мая. Ініцыятыва "Усходняе партнёрства" эфектыўна спрыяе збліжэнню ЕС з усходнімі партнёрамі — Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Рэспублікай Малдова і Украінай, адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН пасол Румыніі Віарэл Машану.

"Гэты год з'яўляецца юбілейным для ініцыятывы "Усходняе партнёрства". І па шчаслівай выпадковасці гэта супала са старшынствам Румыніі ў Савеце Еўрасаюза (са студзеня па чэрвень 2019 года. — БелаПАН.), — сказаў дыпламат. — Для нас гэта сімвалічны момант, як і для ўсёй праграмы "Усходняе партнёрства". Гэта даказвае сталасць сумесных намаганняў, накіраваных на стварэнне агульнай прасторы дэмакратыі, дабрабыту, стабільнасці і актыўнага супрацоўніцтва ў адпаведнасці з індывідуальнымі памкненнямі кожнай краіны-партнёра".

Пасол падкрэсліў, што за 10 гадоў Усходняе партнёрства прынесла канкрэтныя выгады грамадзянам краін-партнёраў. У якасці прыкладаў Машану назваў бязвізавы рэжым уезду ў ЕС для грамадзян Грузіі, Рэспублікі Малдова і Украіны, а таксама пагадненні аб асацыяцыі і паглыбленых і ўсёабдымных зонах свабоднага гандлю з гэтымі дзяржавамі.

"Кожны партнёр абраў пэўны ўзровень супрацоўніцтва з ЕС і атрымаў карысць ад магчымасцяў, пададзеных гэтай ініцыятывай па прынцыпе "большае за большае". І ў далейшым існуе мноства магчымасцяў для супрацоўніцтва, што стварае яшчэ больш перспектыў для Усходняга партнёрства", — дадаў Машану.

Ён падкрэсліў, што збліжэнне ЕС і краін Усходняга партнёрства адбылося на глебе еўрапейскіх каштоўнасцяў, прынцыпаў і нормаў, у адпаведнасці з мэтамі і памкненнямі кожнай з гэтых краін.

"У той жа час супрацоўніцтва ва Усходнім партнёрстве спрыяла інтэграцыі эканомік краін-партнёраў у адзін з самых вялікіх і развітых рынкаў свету, узмацніўшы тым самым іх інстытуцыйна, сувязі з вонкавым светам і павысіўшы ўзровень мабільнасці і кантактаў паміж людзьмі. Усё гэта стала часткай намаганняў па збліжэнні нашых грамадстваў", — сказаў дыпламат.

Гаворачы пра Беларусь як удзельніцу Усходняга партнёрства, Машану адзначыў, што краіна з'яўляецца ў той жа час часткай Еўразійскай эканамічнай супольнасці. "Для яе, натуральна, складана і, напэўна, нават немагчыма падпісваць такія пагадненні, таму, вядома, тут менш дасягненняў, — канстатаваў пасол. — Але ў тым і складаецца важнасць гэтай ініцыятывы, што кожны прымае рашэнне на аснове сваіх нацыянальных інтарэсаў, свайго бачання і ажыццяўляе тыя ці іншыя зрухі ў адносінах да ЕС у той ці іншай сферы, няхай гэта будзе пытанне бязвізу, або эканамічнае супрацоўніцтва, або любое іншае".

Машану паведаміў, што ў пачатку чэрвеня пасольства Румыніі сумесна з ініцыятывай "Мінскі дыялог" і Фондам Конрада Адэнаўэра арганізуюць у Мінску семінар, прымеркаваны да 10-годдзя Усходняга партнёрства. "На яго будуць запрошаныя афіцыйныя асобы ЕС і краін-партнёраў, а таксама эксперты, — расказаў пасол. — Падчас семінара будзе аналізавацца, што зроблена і чаго мы дасягнулі за 10 гадоў рэалізацыі ініцыятывы "Усходняе партнёрства". І самае галоўнае — мы будзем абмяркоўваць тыя магчымасці, якія ёсць у нас у будучыні, што можна зрабіць для таго, каб далей развіваць гэтую ініцыятыву, як зрабіць яе больш эфектыўнай, у першую чаргу для звычайных грамадзян. Думаю, гэта будзе значная падзея".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239