Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/14/eu_1003865_589632/
Дата раздрукоўкі: 24.07.2019 09:41
14.05.2019 11:40 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Кіраўнік Еўракамісіі: Мы не патрабуем, каб удзельнікі Усходняга партнёрства выбіралі паміж ЕС і іншымі важнымі партнёрамі

Брусель, 14 мая. "Мы не патрабуем, каб удзельнікі Усходняга партнёрства выбіралі паміж ЕС і іншымі важнымі партнёрамі на Еўрапейскім кантыненце", — заявіў старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, выступаючы на адкрыцці канферэнцыі высокага ўзроўню з нагоды 10-годдзя Усходняга партнёрства 14 мая ў Бруселі.

"Усходняе партнёрства — гэта не толькі саміты і сустрэчы палітычных лідараў, гэта і пастаяннае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і грамадствамі, — сказаў Юнкер. — Усходняе партнёрства нарадзілася як супольная ініцыятыва Еўрасаюза і шасці краін Усходняга партнёрства, таму ўсе мы нясем сумесную адказнасць за тое, каб абяцанні былі выкананыя і мы адказалі на ўсе надзеі і чаканні нашых грамадзян".

Юнкер адзначыў, што супрацоўніцтва паміж ЕС і шасцю краінамі — удзельніцамі УП (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна) — гэта найперш "партнёрства для грамадзян і разам з грамадзянамі". "Мы не можам будаваць будучыню, калі ўсе нашы дзеянні не арыентаваныя на грамадзяніна, — падкрэсліў старшыня Еўракамісіі. — Наша партнёрства — гэта партнёрства, звернутае у будучыню, да таго, што важнае для нашых грамадзян: працаваць, гадаваць дзяцей, жыць у бяспецы сумесна адзін з адным, ствараць новае".

Пры гэтым, лічыць Юнкер, ЕС неабходна пастаянна прыслухоўвацца да чаканняў кожнай краіны — удзельніцы Усходняга партнёрства. Ён адзначыў, што з краінамі, якія хацелі больш актыўнага збліжэння з ЕС (Грузіяй, Малдовай і Украінай), падпісаны пагадненні аб асацыяцыі, уведзены бязвізавы рэжым. З трыма іншымі ўсходнімі партнёрамі — Азербайджанам, Арменіяй і Беларуссю — адносіны развіваюцца не так актыўна.

"ЕС не прымушае ні адну краіну да выбару. Мы разумеем, што гэтыя рашэнні залежаць ад свабоднай волі кожнай краіны", — заявіў Юнкер. Паводле яго слоў, ЕС і Азербайджан ужо пачалі перамовы аб новым стратэгічным пагадненні. З Беларуссю вядуцца перамовы па пагадненні аб прыярытэтах партнёрства. "Дарэчы, Беларусія або Беларусь — як правільна? Але вы зразумелі, пра якую краіну я кажу", — пажартаваў Юнкер.

Ён падкрэсліў, што галоўнай мэтай ініцыятывы "Усходняе партнёрства" з'яўляецца "паляпшэнне жыцця нашых суграмадзян, збліжэнне грамадстваў на аснове агульных каштоўнасцяў — дэмакратыі, прававой дзяржавы, стабільнасці".

"Мы ўжо назіраем значны прагрэс, што яшчэ больш збліжае нашы эканомікі і грамадства. За 10 гадоў вырас тавараабарот з кожнай з шасці краін Усходняга партнёрства, — сказаў Юнкер. — Разам гэтыя шэсць краін з'яўляюцца 10-м па аб'ёме гандлёвым партнёрам ЕС. Яшчэ 10 гадоў назад аб такім нават не думалі, і гэта можна назваць выдатным вынікам".

Разам з тым, адзначыў кіраўнік Еўракамісіі, многае яшчэ трэба зрабіць. Сярод важных крокаў ён назваў правядзенне прававых рэформаў і барацьбу з карупцыяй у краінах-партнёрах.

"Мы робім усё магчымае, каб краіны Усходняга партнёрства наблізіліся да ЕС, але для гэтага важна, каб замарожаныя і актыўныя канфлікты завяршыліся. Важна, каб у Еўропе быў мір. Для гэтага мы павінны мабілізаваць усе існыя ў нас сродкі, каб прыйсці да такога выніку. Мы вельмі шмат можам зрабіць разам, важна ставіць перад сабой мэты на доўгатэрміновую перспектыву", — сказаў Юнкер.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН