Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/14/eu_1003879_487596/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 06:32
14.05.2019 12:45 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Макей: Паміж Беларуссю і ЕС застаюцца яшчэ адчувальныя пытанні, але важна абмяркоўваць праблемы адкрыта

Брусель, 14 мая. Беларусь з самага пачатку вырашыла ўдзельнічаць ва Усходнім партнёрстве — гэта было "дакладнае і яснае рашэнне", заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей на канферэнцыі высокага ўзроўню з нагоды 10-годдзя УП 14 мая ў Бруселі.

"Некаторыя людзі лічылі тады (10 гадоў таму. — БелаПАН.), што Беларусь і некаторыя іншыя краіны — гэта буферная зона, — сказаў Макей. — Мне не падабаецца гэтая фармулёўка. Я лічу слушным казаць пра зону росквіту і дабрабыту, таму з самага пачатку мы вырашылі ўдзельнічаць у гэтай ініцыятыве. І я б хацеў выказаць падзяку яе заснавальнікам".

Макей падкрэсліў, што за апошнія некалькі гадоў Беларусь у адносінах з ЕС дасягнула большага, чым у папярэднія дзесяцігоддзі, калі дзейнічалі санкцыі. "За апошні год доля ЕС у нашым экспарце вырасла з 26 да больш як 30%, і гэта адпавядае нашаму рашэнню дыверсіфікаваць гандлёвыя адносіны, — сказаў кіраўнік МЗС. — ЕС стаў другім па велічыні нашым гандлёвым партнёрам. У нас адкрытая эканоміка, мы залежым ад сітуацыі на знешніх рынках, таму мы зацікаўленыя ў далейшым развіцці гандлёвых адносін з ЕС. Думаю, нам удасца пераадолець і астатнія гандлёвыя бар'еры, што станоўча адаб'ецца на адносінах з ЕС".

Сярод іншых дасягненняў у адносінах з Еўрасаюзам Макей назваў стварэнне каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС, пасяджэнні якой праходзяць двойчы на год і дзе абмяркоўваецца ўвесь спектр адносін, уключаючы гуманітарны напрамак, пытанні правоў чалавека і дэмакратыі.

"Ёсць далікатныя, адчувальныя пытанні. Магчыма, там недастаткова прагрэсу па гэтых напрамках для ЕС у Беларусі, — адзначыў міністр. — Але важна працягваць дыялог, абмяркоўваць адкрыта праблемы — я маю на ўвазе смяротнае пакаранне, асцярогі ЕС з нагоды захавання правоў чалавека ў Беларусі. Мы распрацавалі нацыянальны план па правах чалавека і паспяхова яго рэалізуем".

У прыватнасці, паводле слоў Макея, пры падтрымцы ЕС у Беларусі праведзеная "вялікая колькасць мерапрыемстваў па праблеме смяротнага пакарання". Акрамя таго, у Палаце прадстаўнікоў створаная рабочая група па вывучэнні гэтай праблемы. "Думаю, важна працягваць працу, каб змяніць настрой у грамадстве па гэтым пытанні", — падкрэсліў ён.

Макей таксама адзначыў, што Беларусь дасягнула "станоўчага прагрэсу ў фінансавым супрацоўніцтве з ЕС". "Гэта важна для Беларусі, — падкрэсліў ён. — Напрыклад, аб'ём інвестыцый Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі за апошні год дайшоў да 360 млн еўра. Гэта свайго роду рэкорд у нашых адносінах. Еўрапейскі інвестыцыйны банк летась пачаў правядзенне сваіх аперацый у Беларусі. Адзінае пажаданне зводзіцца да таго, каб гэтыя працэсы сталі незваротнымі".

Для Беларусі важна супрацоўнічаць з фінансавымі інстытутамі ЕС і па такіх важных пытаннях, як прыватызацыя, дадаў Макей. "Мы ведаем прыклады негатыўныя ў суседніх краінах, калі прыватызацыя праводзілася без падрыхтоўкі і з'явіліся алігархі. Мы хочам улічыць гэты вопыт і пазбегнуць памылак", — растлумачыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН