Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/15/ru_1004033_4548966/
Дата раздрукоўкі: 22.07.2019 13:21
15.05.2019 09:25 Эканоміка, Фінансы

МВФ прапаноўвае ўладам Беларусі павысіць тарыфы на ацяпленне і рэфармаваць дзяржсектар

Мінск, 15 мая. Міжнародны валютны фонд лічыць, што ў Беларусі трэба правесці глыбокую рэформу дзяржсектара, а тарыфы на ацяпленне павышаць, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Жак Міньян.

Міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой 12 мая ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" заявіў, што МВФ ужо не выстаўляе патрабаванні па масавай прыватызацыі і хуткім павышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі. "На працягу гэтага года нам трэба прынцыпова абмеркаваць [з МВФ] напрамкі, па якіх мы гатовыя зблізіць свае пазіцыі. Але радуе, што калегі, маючы негатыўны вопыт па Украіне, дзе рэзкае павышэнне тарыфаў спарадзіла моцны крызіс неплацяжоў, <...> або патрабаванні па масавай прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў. Яны сёння ў дачыненні да Беларусі не абмяркоўваюцца і не будуць прымяняцца", — сказаў ён.

Каментуючы заявы міністра эканомікі, Міньян падкрэсліў, што "МВФ ніколі не патрабаваў масавай прыватызацыі ў Беларусі". "Гэта з'яўляецца няправільным выкладаннем нашых поглядаў. Аднак мы лічым, што краіна мае патрэбу ў глыбокай рэформе сектара дзяржаўных прадпрыемстваў. Ці магчымае гэта ў межах захавання дзяржаўнай уласнасці, пры ўдзеле стратэгічнага інвестара або спатрэбіцца прыватызацыя, павінна вызначацца індывідуальна", — адзначыў ён.

Пры гэтым Міньян падкрэсліў, што, на думку МВФ, сектар дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі "мае патрэбу ў больш глыбокіх рэформах, чым бачылі да гэтага часу".

"Што да тарыфаў на ацяпленне дамашніх гаспадарак, мы лічым, што гэтыя тарыфы занадта нізкія (значна ніжэйшыя за ўзровень кампенсацыі затрат). Гэтая сітуацыя прыводзіць да дадатковых выдаткаў прадпрыемстваў, якія вымушаныя субсідаваць нізкія тарыфы", — падкрэсліў Міньян.

На думку кіраўніка місіі МВФ, гэтая праблема, хутчэй за ўсё, пагоршыцца, калі кошт імпартаваных энергарэсурсаў для Беларусі ўзрасце.

"На наш погляд, было б лепш падняць тарыфы і выплачваць кампенсацыю больш бедным дамашнім гаспадаркам, якія больш за ўсё пацярпяць ад павелічэння тарыфаў, з дапамогай адрасных трансфертаў", — сказаў Міньян.

Пры гэтым прадстаўнік МВФ прывітаў распрацоўку ў Беларусі дарожнай карты структурных рэформаў, якую ўрад рыхтуе сумесна з экспертамі Сусветнага банка. "Мы, безумоўна, вітаем падрыхтоўку дарожнай карты, любы прагрэс у гэтай галіне вітаецца. Нашы калегі з Сусветнага банка маюць вялікі вопыт у галіне рэформы дзяржаўных прадпрыемстваў", — адзначыў Міньян у інтэрв'ю БелаПАН.

У той жа час ён дадаў, што пакуль заўчасна казаць аб тым, ці стане дарожная карта асновай для магчымай крэдытнай праграмы Беларусі з МВФ, бо на сёння адпаведныя перамовы не вядуцца.

"Аднак я хацеў бы сказаць, што для нас важна, каб былі рэальныя, канкрэтныя меры ў адносінах да дзяржаўных прадпрыемстваў, а не толькі заявы аб намерах", — рэзюмаваў Жак Міньян.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН