Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/05/20/ru_1004602_1004603/
Дата раздрукоўкі: 19.06.2019 12:41
20.05.2019 11:41 Эканоміка

У Маскве працягваюцца перамовы па транзітных пастаўках нафты

Мінск, 20 мая. Сёння ў Маскве працягваюцца перамовы аб транзітных пастаўках нафты па нафтаправодзе "Дружба". Як паведамілі БелаПАН у канцэрне "Белнафтахім", перамовы праходзяць у Міністэрстве энергетыкі Расіі. Беларускую дэлегацыю на іх узначальвае старшыня канцэрна Андрэй Рыбакоў.

Тым часам транзітныя прапампоўкі нафты ва ўкраінскім і польскім напрамку пакуль не ажыццяўляюцца. "Мы гатовыя да аднаўлення транзіту ў бок украінскай і польскай мяжы. Чакаем тэлефанаграмы ад украінскіх і польскіх партнёраў для пацвярджэння аб уключэнні", — сказаў прадстаўнік "Белнафтахіма".

Аб пастаўках няякаснай нафты стала вядома ў другой палове красавіка. З-за забруджанай хлорарганікай сыравіны на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт расійскай нафты ў Еўропу па нафтаправодзе "Дружба" быў спынены цалкам. У Расіі распачатая крымінальная справа аб наўмысным забруджванні нафты. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку мая.

11 мая Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з-за паставак няякаснай расійскай нафты Беларусь страціла "велізарныя грошы", якія вымяраюцца сотнямі мільёнаў долараў.

16 мая ў Маскве прайшлі беларуска-расійскія перамовы на ўзроўні віцэ-прэм'ераў, падчас якіх бакі ўзгаднілі праект дарожнай карты па ўрэгуляванні сітуацыі з пастаўкамі нафты, а таксама стварылі працоўную групу па ацэнцы шкоды і вызначэнні спосабаў кампенсацыі.

У той жа час пытанне аб недаатрыманай выручцы ад транзіту нафты пакуль застаецца адкрытым, кансультацыі на гэту тэму працягваюцца.

Паводле ацэнкі беларускага боку, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн долараў, а шкода ад пашкоджанага з-за няякаснай нафты абсталявання Мазырскага НПЗ — прыкладна 30 млн долараў.

У сваю чаргу міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак 15 мая паведаміў журналістам, што, паводле яго асабістай ацэнкі, агульная шкода ад забруджвання нафты ў трубаправодзе "Дружба" не перавысіць 100 млн долараў.

Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН